Беларусь і Латвія дадаткова спрашчаюць паездкі жыхароў памежных тэрыторый


Міністры замежных спраў Беларусі і Латвіі Уладзімір Макей і Эдгарс Рынкевічс 22 траўня падпісалі пратакол аб папраўках да пагаднення паміж дзвюма краінамі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый, паведамляе Міністэрства замежных спраў Латвіі.

Згодна з інфармацыяй МЗС Латвіі, папраўкі да пагаднення прадугледжваюць, што ў далейшым жыхары памежных тэрыторый вызваляюцца ад патрабавання рэгістравацца ў органах мясцовай улады, каб атрымаць дазвол на памежны рух. У праязных дакументах не будуць ставіцца адзнакі аб перасячэнні мяжы. Акрамя таго, будзе адменена патрабаванне аб рэгістрацыі пры знаходжанні на памежных тэрыторыях іншага боку, падае interfax.by.

«Такім чынам, згаданыя папраўкі да пагаднення значна палегчаць парадак паездак жыхароў памежных тэрыторый Латвіі і Беларусі і іхнага знаходжання на памежных тэрыторыях іншай краіны», – рэзюмавалі ў вонкавапалітычным ведамстве.

Міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Латвіяй аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежжа дзейнічае з 1 снежня 2011 года. Паводле дакумента, Латвія і Беларусь узаемна не патрабуюць віз на ўезд для жыхароў памежных селішчаў.

Пагадненні аб малым памежным руху з Літвой і Польшчай улады Беларусі ратыфікаваць не спяшаюцца. Раней прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных патлумачыў тармажэнне ратыфікацыі пагаднення з Польшчай «дастаткова жорсткай антыбеларускай пазіцыяй, якую займае польскі ўрад».

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў