Бацька Бульбамуві: Мы пачынаем з нуля


Януш Гаўрылюк, бацька фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві». Фота – Дзяніс Дзюба.

У менскім Арткінатэатры (пр. Дзяржынскага, 104) распачаўся VI фестываль беларускага кіно «Бульбамуві». Ягоны стваральнік Януш Гаўрылюк распавядае пра пераезд фестывалю з Варшавы і адзіную ўмову, якую ён перад гэтым паставіў.

Дзяніс Дзюба: То Варшава, то Менск. То бясплатна, то з квіткамі. З гісторыі «Бульбамуві» складваецца ўражанне, што кожны год адбываецца розны фестываль.

Януш Гаўрылюк: Перыяд зменаў крыху вымушаны сітуацыяй, якая адбываецца вакол нас. Раней мы атрымоўвалі сталую датацыю – ад польскага Міністэрства замежных справаў або іншых інстытуцыяў. Калі б грошы былі надалей, праводзіць фестываль можна было б у двух гарадах, Варшаве і Менску, у апошнім дадаткова і ваколфестывальную праграму – практычныя майстар-класы з удзелам польскіх творцаў. З імі ёсць кантакт, ёсць і зацікаўленыя ўдзельнікі з беларускіх кіношнікаў. Але без грошай гэтага не зробіш.

У Польшчы без грошай зрабіць паўнавартасны фестываль, як мы рабілі раней, – цяжка. Таму мы перанеслі асноўную частку ў Менск. Па вялікім рахунку, яна павінная была быць у Менску адразу, але ладзіць яе там у нас раней не было магчымасцяў.

З’явіўся Максім Жбанкоў, які сказаў, што трэба працягваць ідэю, што ёсць людзі, якія хочуць займацца арганізацыяй – цяпер ён і яго каманда вядуць справы, а фестываль геаграфічна цяпер у Беларусі. Адпаведна мы вырашылі змяніць назву: цяпер гэта не Варшаўскі фестываль беларускага кіно, а проста – фестываль беларускага кіно.

Сёлета ўпершыню на фестывалі ўвялі квіткі.

Так, у Варшаве гэта сімвалічная сума: для аплаты працы чалавека, які выканае тэхнічную працу падчас паказу.

Ці з’яўленне квіткоў азначае, што ў Бульбамуві ёсць свая аўдыторыя, якая ведае за што аддае нават гэтыя 4 злотых?

Я спадзяюся. Усе папярэднія гады фестываль быў бясплатны, летась нам сваю залу даў бясплатна кінатэатр «Муранаў», але сёлета я да іх не звяртаўся, бо мне было проста сорамна прасіць залу другі раз.

Мой сябар Мацек Гіль параіў звярнуцца ў «Электронік», кінатэатр пры Варшаўскай кінашколы Мацея Слесіцкага і Багуслава Лінды. (Варта сказаць, што гэтую школу скончыла пару незалежных беларускіх фільмэйкераў.) Адміністратары сказалі, што не могуць зрабіць бясплатны паказ, таму мы сышліся на сімвалічным кошце. Таксама, на жаль, сёлета не будзе бясплатнай печанай бульбы, як раней. Таму не ведаю, ці сёлета прыйдзе больш або менш людзей, але, мяркую, гэта будуць тыя ж самыя людзі, што і год таму.

Наагул, маеш рацыю: фестываль мае сваю спецыфічную аўдыторыю – беларускую і польскую, – якая сочыць за «Бульбай» пяць гадоў, ім цікава назіраць за развіццём беларускага кіно.

Яны бачаць вялікія змены: з’явілася не толькі шмат новых фільмэйкераў, але паўсталі таксама новыя фестывалі – KinoSmena і Фестываль імя Татошкі  І гэта вельмі добра, бо кожная магчымасць паглядзець беларускае кіно ў Беларусі – на карысць усім.

Ці не ёсць так, што на гэтых фестывалях паказваюць адныя і тыя ж стужкі?

Некаторыя фільмы гэтых фестываляў паўтараюцца – таксама, як у пэўным сэнсе, фільмы «Бульбамуві» пакрываюцца з праграмай нацыянальнага конкурсу фестывалю «Лістапад», але не ўсе: на ўсіх гэтых фестывалях крытэрыі адбору фільмаў розныя. Гэтак, фармат KinoSmena і фестывалю Татошкі – зусім розныя. Па шчырасці, «Бульбавумі» бліжэй за ўсё да «Лістападу»: там нацыянальны конкурс настроены на аўтарскі позірк, а не масавае кіно. З той толькі розніцай, што ў нас ніколі не было цэнзуры, мы маглі сабе дазволіць больш.

Што можна сказаць пра кінаадукацыю ўдзельнікаў «Бульбамуві» – яна збольшага фармальная ці нефармальная?

Мы не прасілі сёлета творцаў дасылаць свае біяграфіі, каб зменшыць бюракратыю, але, наагул, гэта мяне і не цікавіць – проста таму, адукацыя не мае ніякага значэння: папярэднія «Бульбамуві»давялі, што перамагаюць, збольшага, людзі, якія навучыліся здымаць кіно самастойна. Тут няма ніякіх правілаў, усё бачна па фільмах.

Цікава, што сёлета гульнявых фільмаў, да таго ж вельмі добрых, прыйшло больш, чымся дакументальных, як гэта было раней. Можна казаць пра пэўны бум на гульнявае кіно ў Беларусі. Адныя не хочуць рабіць калькі з Галівуду, а назіраюць за тым, што адбываецца навокал, іншыя – хочуць паказаць у гульнявым фармаце сваё жыццё і беларускую рэальнасць, перакладзеную на мову кіно. Добрая тэндэнцыя: «Бульбамуві» гэтага і шукае – беларускага кантэксту.

Гэта нас адрознівае ад падыходу Андрэя Курэйчыка, які робіць лёгкае кіно – першы беларускі серыял, першую беларускую моладзевую камедыю і г. д. – але, на жаль, у ягоных фільмах, апроч нейкай адной постаці або налепкі «Жыве Беларусь!» на ноўтбуку, беларускасці няма.

Лазніца – не беларускі рэжысёр

Падчас леташняй размовы ты казаў, што немагчыма адлюстраваць беларускую рэчаіснасць толькі па-беларуску, бо гэта будзе штучна.

Я не адмаўляюся ад тае думкі, а толькі кажу, што кіно Курэйчыка накіраванае на масавую публіку, гэткія фільмы здымаюць і расейцы, і амерыканцы. Я разважаю, што, апроч забавы, кіно можа даць гледачу, і прыходжу да высновы, што ў сваіх лёгкіх фільма Курэйчык мог бы даць граць акторам па-беларуску – асабліва цяпер, калі на беларускасць ёсць мода, калі пачалася адліга. Тады б гэтыя фільмы мелі б дадатковую вартасць, бо яны б папулярызавалі беларускую мову. А людзям глядзець фільмы па-беларуску нічога не замінае.

Я застаюся пры сваёй ранейшай думцы: можна не рабіць беларускамоўны сцэнар – каб фільм зайграў. У «Акупацыях. Містэрыях» Андрэя Кудзіненкі героі размаўлялі на розных мовах – гэтак, як людзі размаўлялі ў рэальнасці.

Не маеш прэтэнзіяў да Лазніцы ў сувязі з цалкам расейскамоўным «У тумане»?

Лазніца з Баранавічаў, я цешуся, калі ён атрымоўвае прызы, але ён – не беларускі рэжысёр.

Трэба ратаваць сваіх

Ці не было думкі заснаваць унутры «Бульбамуві» міжнародную секцыю?

Гэта – думкі на будучыню. Сёлета, калі Жбанкоў і ягоная каманда арганізоўваюць усё ў Менску, мы пачынаем з нуля, па праўдзе кажучы. Маёй адзінаю ўмовай было захаваць прызы – гэта наш прынцып ад самага пачатку. «Лістапад» нічога не дае, KinoSmena дае $ 1000, але праз тое, што там міжнародны конкурс, гэтая тысяча сёлета паехала за мяжу. У нас толькі беларускія аўтары, і змяняць гэты фармат пакуль няма патрэбы: трэба ратаваць сваіх. Мэта «Бульбамуві» – прамоцыя беларускага кіно – не змяняецца.

Чаму з нуля, калі «Бульбамуві» ужо адбыўся ў Менску летась?

Цяпер ролі двух гарадоў змяніліся. З нуля, бо галоўная імпрэза адбываецца цяпер у Беларусі, і не проста ў пакоі, а ў кінатэатры. Трэба дамовіцца з кінатэатрам, зарэгістраваць фільмы ў Мінкульце і г. д. На маю думку, сёлетні фестываль пакажа ці мы выжывем. І якімі ў выніку станем.

Сёлетняя конкурсная праграма ўтрымлівае 24 фільмы, у тым ліку анімацыйныя, дакументальныя і вельмі добрыя гульнявыя. Але мы не ведаем, ці ўсё пакажам.

Мінкульт забараніў паказваць адзін з конкурсных фільмаў – «Яечню па-беларуску». Афіцыйна – праз недахоп мастацкіх вартасцяў. На самой справе – імаверна, праз тое, што там паказаны п’яны беларускі міліцыянт. Цяпер невядома, што будзе з «Хранатопам», бо матэрыял з гэтага фільма ўвайшоў у новую серыю альманаху «Хранатоп» – «Танатас і Эрас».

Пытанне: ці лічыць матэрыял і сам фільм адным творам? (Пасля размовы стала вядома, што Рэспубліканская экспертная камісія ў пытаннях перадухілення прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці дазволіла паказаць «Хранатоп» пры ўмове, што з яго будуць выразаныя 4 хвіліны. – Заўв. «Белсат»).

Але «Яечня па-беларуску» застаецца ў конкурсе?

Натуральна, фільм удзельнічае ў конкурсе, але мы не зможам паказаць яго ў кінатэатры, а толькі на нашым YouTube-канале.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары