Беларуска з Галівуду: Кіно ў Беларусі няма, але ёсць людзі, якія хочуць здымаць

video

https://www.youtube.com/watch?v=T_Dk5h0RRYU&feature=youtu.be

Інтэрвю з беларускай рэжысёркаю Ксеніяй Ёрш, якая зняла фільм «Каханне ў порна» і прывезла яго ў Каны.

Беларуска Ксенія Ёрш калісьці вырашыла прысвяціць сябе кіно. Кінула ўсё і паехала вучыцца гэтаму мастацтву ў ЗША. У Лос-Анджэлесе маладая рэжысёрка зняла фільм «Каханне ў порна», які абралі ў секцыю кароткаметражнага кіно Канскага кінафестывалю.

Ці прынесла бы яна сцэнар стужкі пра порнаіндустрыю на «Беларусьфільм», чым адрозніваецца дакументальнае кіно ў ЗША і Беларусі, а таксама што яна раіць тым, хто не верыць, што здымаць кіно ў нас магчыма?

– «Каханне ў порна» – назва кажа сама за сябе, але пра што ваш фільм і чаму такая тэма?

– Гэта дакументальны фільм пра дачыненні людзей, якія працуюць у порнаіндустрыі. Пра семʼі порнаактораў і порнарэжысёраў. Чаму абрала такую тэму? Мне блізкі погляд на дакументальнае кіно як на сродак, які дазваляе аднаму слою грамадства ўбачыць іншы слой грамадства. Я ніколі не задумвалася, як выглядае жыццё людзей, якія працуюць у секс-індустрыі. Але калі задумалася, давялося зняць фільм.

– Што было самае цяжкое падчас здымкаў?

– Самае складанае – гэта аддзяліць сябе і сваё ўспрыманне людзей ад таго, хто яны ў прафесійным жыцці. Мы знаёмімся, п’ем разам каву, размаўляем. У нас з’яўляецца асабісты кантакт. Яны – акторы: калі камера пачынае іх здымаць, яны ўключаюць зусім іншы вобраз. Размежаваць, дзе яны насамрэч, а дзе публічны вобраз – самае цяжкае.

– Як прайшла прэзентацыя фільму на Канскім кінафестывалі? Як паставілася публічнасць да такой тэмы?

– Вельмі добра, я была прыемна здзіўленая. У мяне было некалькі важных сустрэчаў з патэнцыйнымі дыстрыбʼютарамі. Прыемна было ўбачыць, што тэма, якая зацікавіла мяне, зацікавіла і людзей кіно з прафесійнага гледзішча. Я ставіла акцэнт на адносіны, а не на саму індустрыю. Мне хацелася зняць гэта так, каб не рабіць сенсацыі ці эпатажу з самой індустрыі. Я хацела зрабіць акцэнт на людзях, на іхным асабістым жыцці. Гэты падыход аказаўся блізкі шмат каму. Таму з’явіліся новыя магчымасці для далейшага развіцця фільму.

– Зноў жа, вернемся да тэмы беларускага павільёну ў Канах, якога не было. Нам няма чаго паказаць?

– На жаль, мяркую, на афіцыйным узроўні няма фільмаў, якія можна паказаць. У нас ёсць творчыя людзі, якія самі штосьці здымаюць і робяць, але гэта на ўзроўні незалежнага і невялікага кіно, няма нейкага афіцыйнага падтрымання для гэтага. Раз на пяць гадоў, можа, і здымаюць поўнаметражны фільм у супрацы з дзясяткамі іншых краінаў, умоўна кажучы. Але атрымліваецца, што афіцыйнага кіно ў нас няма.

– Чаму? Нашай краіне гэта не цікава, мы не бачым сэнсу прэзентаваць уласную кінаіндустрыю за мяжой?

– У нас не развітая інфраструктура. Ёсць жаданне рэгламентаваць кіно. Але як рэгламентаваць творчасць? Спробы зрабіць гэта прывялі да таго, што «Беларусьфільм», па сутнасці, – гэта пустыя павільёны, дзе здымаюцца расейскія фільмы. А нашая крэатыўная моладзь здымае штосьці сама, дома з сябрамі.

Калі творчасць складана кантраляваць, то самае проста, што можна зрабіць, гэта ўвесці вялікую колькасць правілаў, каб максімальна засцерагчы той кантэнт, які будзе стварацца.

– Вы – беларуска, але здымаеце кіно ў Злучаных Штатах. Як так атрымалася?

– ЗША, у прыватнасці, Лос-Анджэлес і Галівуд – гэта пляцоўка, якая дае мноства магчымасцяў. Важна не тое, з якой ты краіны, а ці любіш ты кіно, ці гатовы шмат і доўга працаваць. Я прыехала, скончыла вучобу ў кінаакадэміі ды пачала займацца кінаіндустрыяй. У розных ролях я працавала недзе на 80-100 кароткаметражных фільмах і пяці поўнаметражных і зразумела, што час зняць нешта сваё.

– Чым адрозніваецца дакументальнае кіно ў ЗША і Беларусі?

– Дакументальнае кіно ў ЗША – гэта частка забаўляльнай індустрыі. Гэта мэйнстрымавае кіно, на якое людзі ходзяць у кінатэатры, з задавальненнем глядзяць дома ўвечары. Гэта не адукацыйныя ці інфармацыйныя фільмы. У нас уяўленне пра дакументалістыку такое – складаныя тэмы, жыццёвыя пытанні, вайсковая ці гістарычная тэматыка. У ЗША дакументальнае кіно – гэта жыццё ва ўсіх яго праявах. Да таго ж гэта знята прыгожа ў кінематаграфічным сэнсе, не нясе нейкага маралізатарскага пасылу. Гэта вялікае выпрабаванне – як зняць рэальнае жыццё, не ўмешвацца ў яго і не кантраляваць, але зняць як прыгожае кіно.

– Уявіце сабе сітуацыю: вы прыходзіце на «Беларусьфільм» і прыносіце сцэнар вашага фільму «Каханне ў порна». Якая была б рэакцыя?

– Я думаю, што такой сітуацыі ў прынцыпе не адбылося б. Па-першае, каго б я здымала і дзе б я здымала? Лос-Анджэлес цудоўны тым, што гэта месца, дзе нарадзілася порнаіндустрыя. Тут гэтым займаюцца прафесійна, гэта прафесійны падыход да нестандартнага кіно для дарослых. Гэта не хатняе відэа ў маленькіх кватэрах з няпоўнагадовымі дзяўчынкамі – уся гэтая цяжкая, негатыўная частка гэтай індустрыі.

Па-другое, такая тэма ў Беларусі не тое, што не атрымала б падтрымання, яе б не дазволілі нават на этапе з’яўлення.

– Якую ролю мае кінаіндустрыя ў Беларусі?

– Кіно ў нас – гэта сродак прапаганды. Год таму знялі мастацкі фільм пры дзяржаўнай падтрымцы. Стужка нібыта мастацкая, але з іншага боку прапагандуе цяперашні рэжым у Беларусі (фільм «Мы, браты» Сяргея Ждановіча – Г. Л.). За некалькі гадоў – усяго адзін фільм, ды яшчэ спецыфічны па сваёй сутнасці.

Кіно ў Беларусі няма, але ёсць людзі, якія хочуць здымаць. Некалькі тыдняў таму я праводзіла ў Менску майстар-клас для адной кінашколы. Тэма – фінансаванне незалежнага кіно. Вельмі прыемна было ўбачыць, што ёсць вялікая колькасць маладых людзей, якія маюць выдатныя ідэі для поўнаметражных праектаў. На жаль, апроч усіх вонкавых перашкодаў для таго, каб зняць фільм, у іх ёсць яшчэ адсутнасць веры – маўляў, хочам, але не зможам гэтага тут зрабіць. Вельмі сумна было гэта пачуць, бо калі людзі не бачаць магчымасці рэалізацыі сваіх ідэяў, як яны змогуць запаліць сваім энтузіязмам іншых?

– І што вы ім раіце?

Я ім сказала шчыра: «Калі вы хочаце нешта зрабіць, прапаноўваю некалькі варыянтаў, як знайсці фінансаванне – як можна зняць фільм і знайсці дыстрыбютараў у Еўропе, якія ёсць фестывалі». У маім уяўленні кіно – гэта тое, чаму трэба прысвячаць усяго сябе або ўвогуле гэтым не займацца. Калі займацца гэтым як хобі на выходных, то чым ты лепшы за любога чалавека, які возьме свой iPhone і ў вольны час здыме відэа з сябрамі? Гэта розніца паміж прафесійным кіно і аматарскімі спробамі зняць відэа.

Размаўляла Ганна Любакова, «Белсат»

Праграма «ПраСвет» выходзіць у пятніцы а 21:40. Тэмы апошняга выдання:
– што Лукашэнка можа выйграць узамен за невялікія саступкі;
– каму на самой справе патрэбная адліга паміж Беларуссю і Захадам;
– амерыканцы з курдскімі шаўронамі атакуюць сталіцу «Ісламскай дзяржавы», прычым тут Турцыя;
– Аўстрыя – ультраправыя прайгралі, краіна засталася падзеленай.

https://www.youtube.com/watch?v=Y-UWaG0BZTs

Глядзі таксама
Каментары