Дырэктар «Бульбамуві»: Указам кіно не спыніць. Будзе бунт!


«Белсат» размаўляе з арганізатарам кінафестывалю «Бульбамуві» Янушам Гаўрылюком пра тое, хто глядзіць беларускае кіно ў Польшчы, каму не падабаецца назва фестывалю і што здарыцца пасля падпісання Лукашэнкам указу аб кінематографе.

Нобель Алексіевіч аднавіў пытанне мовы ў беларускай культуры. Што такое фестываль «беларускага кіно»? Паводле якіх крытэрыяў вы адбіраеце фільмы на конкурс?

Калі б мы выбіралі фільмы толькі на беларускай, тады б не было фестывалю. У дачыненні да Беларусі мова не павінна з’яўляцца крытэрыем. Калі прыходзяць фільмы, зробленыя па-беларуску, гэта, канешне, цешыць, бо гэта падтрымоўвае беларускі дух, беларускую культуру. Але калі фільм зроблены ў Беларусі па-расейску, чаму ён не можа быць беларускім фільмам? Усё залежыць ад рэжысёрскай канцэпцыі: ці будзе фільм адлюстраваннем рэальнасці ці поўнай выдумкай. Калі рабіць фільм у сучасным беларускім горадзе цалкам па-беларуску, ён будзе штучны. Мяне, дарэчы, здзіўляе, што на конкурс не прыходзяць фільмы з польскага Падляшша, бо там усе ведаюць беларускую мову. Дарэчы, я б дапусціў да конкурсу польскія ці нямецкія фільмы, калі б яны былі зробленыя па-беларуску. Але такіх прэцэдэнтаў пакуль няма.

Ты адчуваеш нейкую місію, звязаную з развіццём беларускага кінематографу?

Канешне, бо я бачу вынікі. Першы «Бульбамуві», які быў паказам, а не фестывалем, выклікаў вялікую цікаўнасць, бо Беларусь у Польшчы – своеасаблівая terra incognita. У першы раз, у 2011 годзе, мы арганізавалі дыскусіі з польскімі і беларускімі кінакрытыкамі, была добрая забава, але пасля паказу ніхто ня ведаў, што рабіць далей, бо падавалася, што за тры дні мы паказалі ўсё сучаснае беларускае кіно. Тады я прыдумаў конкурс. Я ня ведаў, колькі ў Беларусі маладых рэжысёраў, і ці дашле нехта хоць штосьці, але ідэя апынулася слушнай. З кожным годам заявак прыходзіць усе болей, расце якасць фільмаў. Летась на конкурс прыйшло 70 фільмаў. Сёлета толькі 47, бо не было рэкламы. Памятаю, як падчас першага конкурса ў шорт-спіс трапілі ўсе фільмы, якія мы атрымалі. А цяпер мы можам выбіраць. Фестывальная пляцоўка становіцца моцным асяроддзем маладых, незалежных ад дзяржавы, рэжысёраў. Многія творцы дасылаюць фільмы штогод, і я бачу вялікі прагрэс у іх творчасці. Сёлета ў нас з’явілася ідэя запрасіць у журы пераможцу леташняга «Бульбамуві» Віктара Красоўскага. Вельмі важна, каб маладое пакаленне развівалася ў розных сферах. Мяркую, магчыма дзякуючы нам менскі фестываль «Лістапад» пасля 20 гадоў існавання зрабіў нарэшце конкурс нацыянальных фільмаў. І нашыя лаўрэаты перамагаюць цяпер таксама і там – як напрыклад Дар’я Юркевіч з «Бабай, Ванем і казой». Такім чынам, мы пачынаем сябраваць на глебе сімпатыі да беларускага кіно – праўда, пакуль толькі на тэлепатычным узроўні.

«Бульбамуві» – рэакцыя на рост цікаўнасці да вытворчасці фільмаў у Беларусі ці здымкі гэтых фільмаў – рэакцыя творцаў на з’яўленне месца, дзе можна паказацца і паспаборнічаць?

І так, і так. Мы – занадта маленькі фестываль, каб справакаваць масавую вытворчасць фільмаў, мы можам толькі дапамагчы, каб фільмы былі паказаныя ў добрым кінатэатры. Магчыма, хтосьці здымае адмыслова для «Бульбамуві», але я бачу, што беларусы пачынаюць дасылаць заяўкі на іншыя еўрапейскія фестывалі: так, Генадзь Буто ўдзельнічае сёлета ў конкурсе Варшаўскага міжнароднага кінафестывалю, Мітры Сямёнаў перамог у Вене. Так і павінна быць! Але бум цікаўнасці да кіно звязаны перш за ўсё з магчымасцю здымаць сёння на тэлефон і фотаапарат.

Новы ўказ Лукашэнкі аб нацыянальным кінематографе, які цяпер рыхтуецца, на думку Андрэя Курэйчыка, заб’е беларускае кіно. Ты ж ужо заявіў, што ён павінен выклікаць Новую беларускую хвалю. З чым звязаны твой аптымізм?

Я думаю, што сярод творцаў узнікне бунт. Магчыма я ідэаліст, але я веру ў гэта, бо ёсць такія людзі як Нэла Васілеўская, студэнтка рэжысуры Акадэміі мастацтваў. Яна даслала на «Бульбамуві» сваю «Рэканструкцыю бяссонніцы», стужка патрапіла ў шорт-спіс, і Нэла папрасіла мяне даведку для рэктарату, што яна едзе на фестываль, бо студэнты павінныя браць дазвол для выезду за мяжу. Пасля нашай паперы дзяўчыне сказалі, што на гэты фестываль ёй ехаць ня трэба. А яна ўзяла чамадан і прыехала. І ўзяла трэцяе месца. Нэла – вельмі здольная, і, відаць, вывучае рэжысуру далей, бо сёлета яна даслала нам свой новы фільм. Нядаўна размаўляў у Менску з Мікітам Лаўрэцкім, які здымае аўтарскія фільмы, зусім без грошай. Ён мне сказаў, што будзе далей здымаць фільмы нягледзячы ні на якія дэкрэты. Гэтыя людзі – будучыня беларускага кіно. У такіх людзей я веру. Яны хочуць рабіць кіно і іх нічога не спыніць. Таму я аптыміст.

А як успрымаюць беларускае кіно ў Польшчы? Хто ходзіць на «Бульбамуві»?

«Бульбамуві» фінансаваўся з бюджэту праекту «Польска-беларускія супольныя дзеянні» Міністэрства замежных справаў Польшчы. Звычайна ў нас было тры дні сапраўднага свята: жыхары Варшавы прыходзілі патусавацца, выпіць кавы, пакаштаваць нацыянальныя беларускія стравы. Сёлета мы не атрымалі фінансавання. Такім чынам, мы вымушаныя адмовіцца ад конкурснага паказу, пакажам толькі фільмы-пераможцы. Гэта звязана з грашыма: няма сродкаў на пераклад, субцітры, арэнду залі. Шорт-ліст мы пакажам у Менску, у Цэнтры сучасных мастацтваў, бо ў Беларусі нам ня трэба плаціць перакладчыкам і мантажорам. Ня ведаю, што будзе налета, але калі грошы не знойдуцца , можа гэта час каб фестываль, які прасоўвае беларускую культуру за мяжой, фінансаваўся Беларуссю? Напрыклад, варшаўскі фестываль азіяцкага кіно «Пяць смакаў» фінансуецца Японіяй, Тайванем і Ганконгам. Гэта сусветная практыка.

Табе не казалі, што назва фестывалю можа абразіць беларусаў?

Так-так! На пачатку некаторыя беларусы падыходзілі да мяне і казалі, што фестываль – добры, але назва – кепская. Прыходзілася спрачацца, даказваць. Аднойчы мне дапамог Міхал Анемпадыстаў, які неяк доўга тлумачыў аднаму беларусу, што «бульба» – гэта не «бульбаш», доўга распавядаў пра прыгажосць гэтай гародніны. Вось ужо два гады гэтае пытанне мне ніхто не задае. Наагул, мы натхняліся выразам «спагеці-вэстэрн», і цяпер назва «Бульбамуві» таксама стала адным словам.

А калі ты пачаў цікавіцца кіно?

Я нарадзіўся ў Бельску-Падляскім на мяжы з Беларуссю, у нас была адна крама з фота- і відэаапаратурай, і там была 8-міліметровая камера, я пра яе марыў усе дзяцінства. Аднак грошай у сям’і не было, таму першай камерай, якую набыў, была ўжо фармату VHS. Нешта там здымаў на яе. Калі ж пачаў цікавіцца Беларуссю, то адно з першых пытанняў для мяне было: якое кіно там здымаюць? Мяне вельмі ўразіў фільм «Акупацыя. Містэрыі». Я тады працаваў на радыё, паехаў у Менск рабіць інтэрвію з Андрэем Кудзіненкам, і мы пасябравалі. Наагул, ідэя зладзіць паказ беларускага кіно ў Польшчы нарадзілася сама сабой, вельмі даўно. І ў пэўны момант стрэліла.

Чаго бракуе «Бульбамуві» апроч спонсараў?

Моцных фільмаў. Я сяджу ўнутры фестывалю, і мне цяжка казаць аб’ектыўна, таму я слухаю людзей звонку. А яны кажуць, што ёсць пляцоўка, канструкцыя фестывалю, а добрых фільмаў пакуль не хапае. Калі мы сёлета не атрымалі датацыі, я ўздыхнуў з палёгкаю: ну нарэшце змагу заняцца сваймі справамі. Бо калі былі грошы, усё было проста: плаціш – і маеш. Пераклад, субцітры, плакаты. А без грошай знайсці тых, хто б дапамог з арганізацыяй – складана. Але калі кінатэатр «Muranów» прапанаваў залю бясплатна, я зразумеў, што трэба цягнуць фестываль далей. «Бульбамуві» бракуе чалавека, які будзе цікавіцца беларускім кіно. Я мару з такім чалавекам сустрэцца, бо мне ўжо цяжка. Я хачу займацца адукацыяй маладых творцаў – планую арганізоўваць майстар-класы па дакументальным і мастацкім кіно. Многія польскія рэжысёры гатовыя іх праводзіць, але без датацыяў гэта не зробіш. Пакуль я шукаю сродкі. Калі ў Беларусі няма сур’ёзных кінашколаў, важна вучыць моладзь, ствараць фундамент.

Размова і фота Дзяніс Дзюба, belsat.eu

V фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» адбудзецца 23-25 кастрычніка ў Варшаве, Кракаве і Менску. Найлепшыя фільмы конкурсу атрымаюць Залатую, Срэбраную і Бронзавую бульбіны.

Глядзі таксама
Каментары