Бараку Абаму і Гілары Клінтан даслалі поштай выбуховыя прыстасаванні, офіс «CNN» эвакуявалі


44-му прэзідэнту ЗША Бараку Абаму і былому дзяржсакратару ЗША выслалі поштай, як цяпер падазраюць сілавікі, выбуховыя прыстасаванні.

Гэта адбылося праз два дні пасля таго, як знайшлі выбуховае прыстасаванне ў паштовай скрыні побач з домам вядомага фінансіста Джорджа Сораса ў прыгарадзе Нью-Ёрку.

Прыстасаванні знайшлі тэхнічныя спецыялісты, якія праглядаюць карэспандэнцыю, што дасылаецца былым афіцыйным асобам ЗША, паведамляе «BBC».

«The New York Times» сцвярджае, што бомбу выслалі не на хатні адрас, а ў офіс Гілары Клінтан.

Згодна з заявай Сакрэтнай службы ЗША, першую пачку выслалі позна ўвечары 23 кастрычніка.

«Раніцай 24 кастрычніка 2018 года, другая пачка, адрасаваная былому прэзідэнту ЗША Бараку Абаму, была перахопленая супрацоўнікамі Сакрэтнай службы ў Вашынгтоне», – гаворыцца ў заяве ведамства.

«Абедзве пачкі перахапілі да таго, як іх даставілі па ўказаных адрасах. Адрасаты не атрымалі пачкаў і не падвергліся рызыцы атрымання іх», – адзначыла Сакрэтная служба ЗША.

ФБР у Нью-Ёрку заявіла, што ведае пра падазроныя пачкі і дапамагае ў расследаванні.

Прэс-сакратарка Абамы адмовілася каментаваць інцыдэнт і параіла журналістам звяртацца ў Сакрэтную службу.

У сваю чаргу «CNN» паведаміла пра эвакуацыю свайго офісу ў Нью-Ёрку праз падазроную пачку, з-за якой спрацавала пажарная сігналізацыя. Журналісты ў гэты момант працавалі ў жывым эфіры (глядзіце відэа ніжэй):



НМ, belsat.eu

Стужка навінаў