Барак Оўбама назваў саміт НАТО ў Варшаве найважнейшаю падзеяй з часу сканчэння халоднай вайны

video

Барак Оўбама, фота Reuters

Варшава гэтымі днямі як вайсковае ўмацаванне. У гэтым гатэлі «Marriot» затрымаўся амерыканскі прэзідэнт Барак Оўбама. Гэта галоўная траса на саміт НАТО. А таму жыхароў і турыстаў чакаюць перашкоды: зачыненыя вуліцы, забароны паркавацца, аб’езды транспарту. Больш за чатыры тысячы гасцей, трыста дадатковых самалётаў, беспрэцэдэнтныя захады бяспекі. Усе недазволеныя лётныя аб’екты ў промні ста кіламетраў ад нацыянальнага стадыёну, дзе праходзіць саміт, будуць збітыя.

Барак Оўбама, які прыляцеў сёння апоўначы ў Варшаву і ўжо сустрэўся з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам, назваў саміт НАТО найважнейшаю падзеяй з часу сканчэння халоднае вайны.

БАРАК ОЎБАМА, ПРЭЗІДЭНТ ЗША:
«Сёння я дэкларую далейшыя крокі па ўзмацненні сілаў НАТО, якія будуць прадстаўленыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Я запэўніваю, што ЗША будзе супрацоўнічаць з НАТО, каб дапамагаць тут у Польшчы».

Найбуйнейшы ў гісторыі альянсу саміт адбываецца найбліжэй да межаў Расеі, а таксама да Украіны, у якой Масква анексавала частку тэрыторыі ды з якою перабывае ў неагалошанай вайне.

АНДЖЭЙ ДУДА, ПРЭЗІДЭНТ ПОЛЬШЧЫ:
«Мусіць быць вернутае тое, што ёсць галоўным для міру, – пільнаванне міжнароднага права. У той момант, калі Расея, што ёсць нашаю вялікаю суседкаю, будзе трымацца міжнароднага права, можна будзе казаць пра партнёра для сурёзнага дыялогу».

Як пакуль, дыялог будуецца напружана і складана. Хаця Захад гатовы размаўляць, і ніхто не мае сумневаў, што супраца неабходная.

АНГЕЛА МЭРКЕЛЬ, КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ:
«Мы згодныя, што сталую бяспеку ў Еўропе можна дасягнуць разам з Расеяй, а не супраць Расеі».

Супраца, як мяркуюць сябры альянсу, можа будавацца вакол супольных пагрозаў. Галоўная – міжнародны тэрарызм. Але Крамлю таксама паказваюць, што не будуць моўчкі назіраць за парушэннямі права. На саміце маюць адобрыць пастанову пра размяшчэнне чатырох батальёнаў альянсу ў краінах Балтыі ды Польшчы. Хаця генеральны сакратар НАТО гаворыць пра неабходнасць ужо ў гэтым месяцы спаткацца НАТО–Расея. Сёння лідары краінаў Еўразвязу і НАТО падпісалі пакт супрацы.

ЕНС СТОЛЬТЭНБЭРГ, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР НАТО:
«Працуючы разам, мы максімальна выкарыстоўваем нашыя рэсурсы. Адзінства супрацы НАТО ды Расеі застаецца важным, як і заўсёды. У часы няпэўнасці нашая супраца яшчэ больш важная. Мы маем адзіную пазіцыю ў дачыненні Расеі. Еўразвяз трымае эканамічныя санкцыі, а НАТО ставіць на рост нашае супольнае абароны з часу сканчэння халоднае вайны».

Таксама немалаважны ўдзел у саміце ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У Варшаве – і прэзідэнты Арменіі ды Азербайджану, якія маюць абмеркаваць сітуацыю вакол Нагорнага Карабаху. Беспасярэдне ці не, лінія НАТО–Расея – ключавая.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:
«Я гляджу на справу з аптымізмам. І спадзяюся на вынік у хуткім часе пры падтрыманні нашых партнёраў ды хаўруснікаў».

Двухдзённы саміт НАТО скончыцца заўтра.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары