Банда хакераў ці канкурэнты КДБ?


Belsat.eu звязаўся з адмыслоўцамі ў інфармацыйнай бяспецы, каб высветліць, колькі каштуе вашае ліставанне ў сацсетках.

Галосная справа пра затрыманне арганізатараў хакерскай групы, якая за 3 гады паставіла на праслухоўванне каля 2000 грамадзянаў Беларусі, выклікала дыскусію ў байнэце. «Гэта КДБ прыбірае канкурэнтаў? Бо нам у судзе так і не патлумачылі, на якой падставе мае тэлефоны праслухоўваліся цягам 2010 г.», – задаецца пытаннем у сваім «Facebook’у» літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута.

«У КДБ бардак. Адзін аддзел не ў курсе, чым займаецца іншы», – іранізуе ў «Facebook’у» беларускі фатограф Антон Матолька.

На гэты момант вядома, што ахвярамі хакераў сталі беларускія чыноўнікі, журналісты і прадстаўнікі айчыннага бізнесу. Магчыма, што ў гэтым спісе ёсць і вашае прозвішча.

Украінскі адмыслоўца ў інфармацыйнай бяспецы ўпэўнены, што 95 % ахвяраў хакерскай групы праслухоўваліся дзякуючы траянам на тэлефонах. «Яны (траяны – заўв. belsat.eu) дазваляюць на адлегласці ўключаць мікрафон і праслухоўваць памяшканне з інфікаваным смартфонам. Такі чалавек заўсёды носіць жучок ва ўласнай кішэні. Магчыма, вашыя хакеры папаліся на закупках кітайскіх жучкоў, калі пастанавілі зладзіць традыцыйнае праслухоўванне памяшканняў», – мяркуе адмыслоўца.

«Існуе тры падвіды прыватнай праслушкі. Праграмная, апаратная і арганізацыйная. Праграмная – гэта калі ставіцца праграма на смартфон. Каштуе гэта не дорага і замаўляюць яе ўсе, ў каго ёсць лішнія грошы, нават раўнівыя жонкі. Апаратная – пры дапамозе ліпавых базавых станцыяў і перахопу трафіку. Гэтым займаецца буйны бізнес і іх унутраныя службы бяспекі. І арганізацыйныя – праз аператараў. Гэта калі ёсць сувязі з мянтамі і г.д.», – тлумачыць адмыслоўца ў абароне інфармацыі.

Чытаце таксама >>> Ці выкрыццё злачыннай групы, якая падслухоўвала беларускіх службоўцаў, зможа прывесці да змены ўладаў?

У расейскім сегменце інтэрнэту няцяжка знайсці старонкі з прапановамі хакерскіх паслугаў. Але гэта не азначае, што ахвяра і выканаўца мусяць паходзіць з адной краіны. Паставіць траян на смартфон можна з любой кропкі свету.

«Той, хто замаўляе праслухоўванне, і той, хто з’яўляецца выканаўцам, звычайна не ведаюць пра месцазнаходжанне адзін аднаго. Я, шчыра кажучы, не ведаю пра беларускія хакерскія сайты ці форумы, якія заточаныя выключна на Беларусь – маленькі рынак. Ва ўкраінскім і расейскім даркнэце гэты бізнес развіваецца поўным ходам», – зазначае беларускі айтышнік, які пажадаў застацца ананімным.

Калі вы хочаце ўзламаць тэлефон мужа або даведацца пра сакрэтную перапіску вашай жонкі, то за такую радасць вам прыйдзецца аддаць да $ 1500 – прыблізны кошт працы кіеўскіх хакераў.

«У Кіеве паставіць траян на смартфон каштуе каля $ 30-50. Яго распрацоўванне – $ 1000-1500. Праслухоўванне ў бізнес-сегменце можа каштаваць ад $ 1000 да $ 25 000, і ў такім выпадку дарагое абсталяванне, натуральна нелегальнае, звычайна набывае дэтэктыўнае агенцтва або прадстаўнікі крымінальнага свету. Кошт такога абсталявання залежыць ад таго, хто і каму яго прадае», – распавядае ўкраінскі адмыслоўца па абароне інфармацыі.

«Кошт узлому вашага акаўнту («Facebook», «Vkontakte», «Skype») будзе каштаваць ад $ 1000 да 1500, калі гэта робіць спец. І неабавязкова, каб выканаўца быў з Беларусі. Дастаткова даслаць чалавеку паведамленне, падобнае на ліст ад сэрвісу, які трэба ўзламаць, са спасылкаю на сайт, які будзе цалкам паўтараць дызайн сэрвісу, які неабходна ўзламаць, – і вуаля! Карыстальнік сам дашле хакеру пароль і логін. Яшчэ прасцей гэта зрабіць, калі хакер мае фізічны доступ да вашага камп’ютара або смартфона. Няцяжка атрымаць і копію сім-карты паводле несапраўднай даверанасці на пашпарт або праз знаёмых у офісах аператараў мабільнай сувязі ды, маючы доступ да нумара тэлефону, да якога прывязаны акаўнт, можна скінуць паведамленнем пароль ад гэтага акаўнту», – патлумачыў знаўца беларускага даркнэту і хакерскіх схемаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў