Баевікі «Ісламскай дзяржавы» бульдозерамі знеслі старажытны горад Німруд


Баевікі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» бульдозерамі знішчаюць разваліны асірыйскага гораду Німруд, заснаванага за 13 стагоддзяў да нашай эры, паведамілі іракскія чыноўнікі.

Кіраўнік іракскага аддзелу ЮНЕСКА Алекс Плат назваў гэта «яшчэ адным жахлівым нападам на спадчыну Іраку», падае Бі-бі-сі.

«Ісламская дзяржава» называе старажытныя святыні і скульптуры «ілжывымі ідаламі», якія маюць быць знішчаныя.

Шмат якія артэфакты, знойдзеныя ў руінах гораду, былі адпраўленыя раней у музеі Багдаду і за мяжу, але буйныя экспанаты засталіся ў Німрудзе.

Знішчэнне Німруду ўжо параўноўваюць са знішчэннем талібамі каменных скульптураў Буды ў Афганістане ў 2001 годзе.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Зраўнялі з зямлёю»

Разваліны гораду займаюць даволі шырокую плошчу, таму невядома дакладна, ці былі яны знішчаныя цалкам, перадае карэспандэнт Бі-бі-сі ў Ліване.

Аднак крыніцы ў мясцовых плямёнах паведамілі «Ройтэрс»: «Чальцы «Ісламскай дзяржавы» прыйшлі ў старажытны горад Німруд і разрабавалі каштоўнасці, а потым зраўнялі горад з зямлёю».

«Там былі статуі і муры, а таксама замак, які баевікі «Ісламскай дзяржавы» знішчылі цалкам», – піша агенцтва.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Німруд для нас у Іраку і для мяне як археолага – адно з найважнейшых месцаў. Там было шмат рэчаў – рэльефы, статуі, знакамітыя крылатыя быкі. Я не ведаю, што яны робяць, яны сціраюць нашу гісторыю. Я б хацеў, каб гэта было страшным сном, ад якога можна прачнуцца. Я не разумею, навошта яны гэта робяць », – сказаў археолаг Ламія Гаілані Бі-бі-сі.

«Гэта сапраўды тыповы прыклад таго, якія гэтыя людзі варвары», – заявіў кіраўнік іракскага гораду Кіркук.

«Іх мэта несці смерць і разбурэнне, і тое, што здарылася ў Німрудзе, нішчыць усе намёкі на цывілізацыю, гісторыю, асабліва тую яе частку, якая звязаная з асірыйцамі. Гэта проста варварства, інакш гэта не назавеш», – дадаў ён.

На мінулым тыдні групоўка «Ісламская дзяржава» апублікавала відэа, на якім баевікі руйнуюць экспанаты ў музеі Масула. ААН назвала гэта ваенным злачынствам.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў