«Баевікі ДНР і ЛНР прыязджаюць у Беларусь і сваіх поглядаў тут не цураюцца»


Дзяніс Івашын выкрывае баевікоў з Данбасу

Разам з пажыткамі мігранты з Усходу Украіны вязуць вайну? Валантэр Дзяніс Івашын распавёў пра выкрыццё прарасейскіх баевікоў.

У жніўні гэтага году ў Горадні мінакі заўважылі шэрую «Mazda», пад лабавым шклом якой красаваўся вымпел з сімволікай ДНР. Тады «Белсат» агучыў гэтую інфармацыю, а валантэры ўзяліся за пошукі ўладальніка аўто. Праз два месяцы пошукі далі плён.

Некаторыя ўцякалі ў Расею, але пасля абралі Беларусь

Дзяніс Івашын, галоўны рэдактар беларускага аддзелу «Informnapalm», распавядае, што знайсці ўладальнікаў дапамаглі чытачы, якія даслалі інфармацыю, маўляў, машына была заўважаная ў Стаўпецкім раёне. Ва ўмоўнае «кола падазраваных» валантэры спачатку ўнеслі казакоў ды іншых актывістаў «рускага свету»…

Аўта, што выклікала падазрэнні актывістаў

«Але з раённай стаўпецкай газеты «Прамень» мы даведаліся, што ў раёне жыве шмат перасяленцаў з Данбасу, – тлумачыць Дзяніс, – Ёсць нават сем’і, якія спачатку паехалі ў Расеі, да сваякоў, але пасля перасяліліся ў Беларусь: тут лепшыя ўмовы. Ільготы ў працаўладкаванні, не трэба плаціць мыта за праезд па дарогах, надаюць жыллё – найчасцей у правінцыі».

Прывітанні баевікам і заклікі не браць украінцаў у палон

Уладальнікам мазды апынуўся перасяленец з Данбасу Андрэй Вазнюк, які пераехаў разам з жонкай – Наталляй Шарамет. Яны эмігравалі ў жніўні-верасні 2014 году падчас актыўных баявых дзеянняў. Працуюць у Зарэчча ў сельскагаспадарчым ААТ «Каганец».

Акаўнты перасяленцаў у сацыяльных сетках сведчаць, што яны засталіся зацятымі прыхільнікамі тэрарыстаў з Л/ДНР. Тут і сімволіка непрызнаных рэспублік, і заклікі не браць украінскіх вайскоўцаў у палон, і «прывітанні» баевікам.

Запісы ў сацсетках некаторых «уцекачоў» з Данбасу

Сімвалічна, што на адной з карцінак у аканце Андрэя Вазнюка назва Беларусі перакручана на мацерны манер… Вось так перасяленцы дзякуюць краіне, якая іх прыняла і дапамагла ў цяжкі момант.

Баевікі пад выглядам уцекачоў – недапрацоўкі спецслужбаў

Сярод перасяленцаў «Informnapalm» нядаўна выявіў і баевіка – Максіма Мандрыкіна. Гэта лейтэнант асобнага батальёну матэрыяльнага забеспячэння т.зв. 2-га армейскага корпусу з Луганску. Мужчына мае досвед баявых дзеянняў, медалі за вайну на баку тэрарыстаў, не хавае сваіх фота ў форме на старонках сацсетак.

Максім Мандрыкін разам з сям’ёй

«Пагроза ў тым, што гэтыя людзі не цураюцца сваіх поглядаў, – працягвае Івашын, – і паказваюць іх ужо не на тэрыторыі Данбасу, а ў Беларусі. Большасць пра-украінску настроеных перасяленцаў выехала ва Украіну – гэта натуральна. Да нас жа і ў Расею едуць найчасцей прыхільнікі Л/ДНР».

З’яўленне такой публікі Івашын лічыць вялізнай пагрозай нашай нацыянальнай бяспецы і сурёзнай недапрацоўкай сілавікоў.

Афіцыйна ў Беларусі толькі адзін уцякач з Украіны

Разам з тым, паводле Івашына, мігранты з Украіны – танная працоўная сіла, іх выгадна запрашаць, нават надаючы прэферэнцыі. Тыя пагаджаюцца на працу, на якую не пойдзе шараговы беларус, згодныя жыць у правінцыі.

Паводле папярэдніх падлікаў Івашына бежанцаў з Данбасу ў Беларусі 25-30 тысяч. Лічбу ў больш за 100 тысяч, агучаную прэзідэнтам, эксперт успрымае крытычна і звязвае з прапагандысцкімі мэтамі ды іміджам Беларусі як «міратворца». Афіцыйна ж у нас зарэгістраваны толькі адзін(!) уцякач з Украіны, тысяча з нечым чалавек маюць статус перасяленцаў з «дадатковай абаронай». Большасць праходзіць як працоўныя мігранты.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў