Аўто з сімволікай ДНР раз’язджае па Горадні (Фотафакт)


У салоне шэрай мазды красаваўся вымпел з гербом тэрарыстаў.

Вымпел з сімволікай прарасейскіх баевікоў (двухгаловы арол без кароны з надпісам «Данецкая Народная Рэспубліка») выпадкова заўважылі мінакі на паркоўцы ў раёне праспекту Янкі Купалы. Уласніка машыны побач не апынулася. Мяркуючы па нумарах, паходзіць ён з пятага рэгіёну, то бок з Менску.

Як патлумачыў «Белсату» каардынатар інфармацыйнага праекту InformNapalm па Беларусі Дзяніс Івашын, нашым заканадаўствам выкарыстанне падобнай сімволікі ніяк не рэгулюецца. Усё проста: Беларусь афіцыйна не вызнала групоўкі «Д/ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі.

«Калі бачыце падобнае, варта фіксаваць апроч непасрэдна сімволікі яшчэ і нумары дзяржаўнай рэгістрацыі аўто, – раіць Івашын, – Такія дадзеныя можна перадаваць, напрыклад, валанцёрам нашай супольнасці InformNapalm для аналізу, магчымага выяўлення ўласніка аўто ды пашырэння ў публічнай прасторы падобнай інфармацыі».

Цалкам верагодна, што ўласнік аўто можа апынуцца не толькі адэптам расейскай прапаганды, але і ўдзельнікам канфлікту на Ўсходзе Украіны па расейскім баку. Як вядома, дзейснае беларускае заканадаўства трактуе падобнае як крымінальнае злачынства.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў