Азербайджан адказаў Беларусі на прапанову прадаць нафту па «сацыяльных» коштах


Менск ацаніў азербайджанскую нафту досыць нізка, таму Баку вымушаны адмовіцца ад супрацы. Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтру нафтавых даследаванняў Ільхам Шабан.

Паводле Шабана, у 2016 годзе Азербайджан адправіў у Беларусь толькі адну партыю нафты ў абʼёме больш за 500 тысяч тон. На пачатку бягучага года пастаўкі спыніліся.

«Як паведамляюць беларускія СМІ, урад краіны планаваў купляць азербайджанскую нафту ўсяго за 30 долараў за барэль. Гэта значыць па тым жа кошце, па якім Беларусь імпартуе расейскую нафту. Азербайджан жа рэалізуе нафту за камерцыйны кошт, дакладней рынкавы кошт», – адзначыў эксперт.

Шабан адзначыў, што нафтавыя праекты не могуць быць сацыяльнай альбо міжурадавай праграмай.

«То бок, пра саступкі не можа ісці і гаворкі, нават калі паміж імпарцёрам і экспарцёрам склаліся цёплыя і дружалюбныя адносіны. Мы можам не зрабіць зніжку, але можам гарантаваць пастаўку высакаякаснага паліва, якое адказвае еўрапейскім стандартам», – дадаў ён.

Кіраўнік Цэнтру нафтавых даследаванняў адзначыў, што чым далей знаходзіцца экспарцёр, тым даражэй будзе каштаваць нафта.

«Таму можна сказаць, што партнёрства з Іранам не будзе мець доўгатэрміновы характар. Хутчэй за ўсё, іранцы ажыццявяць дзве-тры пастаўкі ў Беларусь, і на гэтым скончыцца іх супраца».

18 лютага стала вядома, што Іран паставіць у Беларусь 600 тысяч барэляў (84 тысячы тон) нафты да канца лютага. У канцэрне «Белнафтахім» гэтую інфармацыю не пацвярджаюць, аднак падкрэсліваюць, што «канцэрн займаецца выкананнем даручэння кіраўніка дзяржавы па дыверсіфікацыі паставак нафты».

Нагадаем, што ў адказ на недаплаты за газ Расея скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь.

ДР belsat.eu паводле echo.az

Стужка навінаў