Авакаў: На жонку Турчынава напаў мужчына з нажом


На жонку сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Ганну Турчынаву напаў узброены нажом мужчына.

Пра гэта паведаміў міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў.

«Некалькі гадзін таму на жонку Турчынава быў здзейснены ўзброены напад… Зламыснік напаў на Ганну Турчынаву проста ў інстытуце, дзе яна працуе. Напаў з нажом, крычаў: «Вы ў мяне, с…, адкажаце», – напісаў Авакаў у «Фэйсбуку».

Па словах Авакава, нападніка «абясшкодзілі і затрымалі». Цяпер мужчыну дапытваюць.

«Нападнік, жыхар Данецкай вобласці, прыехаў мэтанакіравана з акупаванай тэрыторыі для нападу на сямʼю Турчынава. У затрыманага тэрарыста канфіскавалі камплект халоднай зброі. На допыце ён паводзіў сябе нахабна, пагражаючы Турчынаву і кіраўніцтву дзяржавы, крычаў, што яго справу давядуць да канца іншыя», – расказаў міністр.

У галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі Кіева ўдакладнілі, што ў выніку нападу ніхто не пацярпеў.

Пазней Аляксандр Турчынаў у сваім «Фэйсбуку» падзякаваў ахоўніку вучэльні і паліцыянтам за аператыўнасць і прафесіяналізм.

«Тэрарысты не могуць адолець нас у баі, і таму імкнуцца падступна зводзіць рахункі з безабароннымі жанчынамі. Але ім не ўдасца запалохаць ні мяне, ні маю сямʼю», – заявіў Турчынаў.

24 траўня Аляксандр Турчынаў паведаміў, што на Данбасе пачалася маштабная актывізацыя з боку расейскіх акупацыйных войскаў.

МЯ, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў