Атмасфера Калядаў у фотаздымках Belsat.eu. Рэпартаж з аграсядзібы на Валожыншчыне


Удзельнікі калядаў вучаць гасцёў танчыць беларускія традыцыйныя танцы падчас святкавання калядаў у аграсядзібе «Засценак Скрыплеў»

У «Засценку Скрыплеў», што на Валожыншчыне, для гасцей хутара зладзілі традыцыйныя беларускія каляды.

Галоўнымі калядоўшчыкамі гэтым разам замест дарослых былі дзеткі. Пасля невялічкай рэпетыцыі традыцыйных калядных спеваў і абрадавых дзеянняў дзіцячы гурт з каляднай зоркай, «казой», «мядзведзем», «бабай», «салдатам» ды «механошай» накіраваўся ў хату віншаваць сваіх бацькоў з Калядамі і Новым годам.

Дзіцячая каляда у «Засценку Скрыплеў» рушыць да хаты з бацькамі каб павіншаваць іх са святамі і атрымаць калядныя пачастункі

Цікава, што дзеці справіліся са сваёй роляй зусім някепска: хлопцы спачатку «пужалі» гаспадароў, што знясуць дзверы калі не атрымаюць каляду, звонку падпявалі кіраўніку гурта, а мядзведзь добра імітаваў, як дзеўка рыхтуецца да дыскатэкі, і дзеці ідуць раніцай у школу.

Гаспадыня вітае спевы калядоўшчыкаў у вакне у «Засценку Скрыплеў»

Патанчыўшы пад спевы, каза ўпала па камандзе на падлогу разам з казлянём, за што атрымала ад гаспадара хаты шмат салодкіх падарункаў. Напрыканцы дарослых і маленькіх гасцей сядзібы калядоўшчыкі пасыпалі зернем на ўрадлівасць, здароўе і сямейны лад.

Дзіцячая каляда спявае калядныя спевы для гаспадароў і гасцей хаты ў аграсядзібе «Засценак Скрыплеў»

Гаспадар «Засценку Скрыплеў» Васіль Грынь у сваю чаргу зладзіў калядны продаж «каня», які апынуўся вельмі дрэсіраваным і паказаў, як коні танчаць ды маршыруюць. Не абышлося свята і без калядных танцаў, смешных прыпевак, ды чытанняў вершаў пры свечцы. Самым галоўным падарункам для дзяцей і дарослых была сапраўдная святочная атмасфера калядаў, якая панавала на хутары.

Калядны конь выконвае разнастайныя трукі падчас каляднага аукцыёна у аграсядзібе «Засценак Скрыплеў»
Жанчына грае на свістульке пад акампанемент скрыпкі падчас святочных калядных танцаў у аграсядзібе «Засценак Скрыплеў»
Хлопчык мілуецца са сваёй маленькай сястрычкай на калядным свяце у аграсядзібе «Засценак Скрыплеў»
Дарослыя забаўляюць сваіх дзетак на калядным свяце ў «Засценку Скрыплеў»
Вятрак – упрыгожванне эратычнага характару у «Засценку Скрыплеў»

Глядзіце таксама:

Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары