Асуджаны за забойства Нямцова: «Я не ідыёт здзяйсняць гэтае злачынства наўпрост насупраць Крамлю»


Былы афіцэр батальёну «Север» МУС Чачэніі Заур Дадаеў, асуджаны за забойства палітыка Барыса Нямцова, заявіў аб сваёй невінаватасці.

Знаходзячыся ў СІЗА, Дадаеў распавёў прадстаўніку Грамадскай назіральнай камісіі пра катаванні і ціск з боку следства, якое фактычна прымусіла падсудных агаварыць сябе, перадае тэлеканал «Дождь».

«Калі б я здзейсніў гэтае злачынства ў імя Алаха, то першы б прызнаўся. Зразумейце, я афіцэр, я не ідыёт здзяйсняць гэтае злачынства наўпрост насупраць Крамлю», – сказаў ён.

Паводле слоў асуджанага, у турме Лефортава яго «катавалі і білі токам».

Дадаеў сцвярджае, што неаднаразова пісаў заяву ў пракуратуру і ўпаўнаважаным па правах чалавека, дамагаючыся справядлівага разбіральніцтва, але лісты вярталіся да таго ж следчага, які вёў справу.

Вердыкт па справе аб забойстве Нямцова быў вынесены ў Маскоўскім акружным ваенным судзе 29 чэрвеня. Прысяжныя прызналі вінаватымі Заура Дадаева і яшчэ чатырох чалавек.

Усе абвінавачаныя ў судзе заявілі аб сваёй невінаватасці і патлумачылі, што першыя прызнальныя паказанні яны давалі пад ціскам.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў