Асаблівы Данбас


Закон аб дэцэнтралізацыі ўлады ў Данецкай і Луганскай абласцях трапіў на стол прэзідэнта Украіны.

Спікер Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандр Турчынаў падпісаў закон «Аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей», паведамляецца на сайце ўкраінскага парламенту. Дакумент адпраўлены на подпіс прэзідэнту.

Парламент прыняў гэты, а таксама закон аб амністыі сепаратыстаў яшчэ 16 верасня. Аўтарам абодвух з’яўляецца прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Сёлета Пятро Парашэнка заявіў, што прынятыя 16 верасня законы не даюць Данбасу ніякага асаблівага статусу. Паводле яго слоў, гаворка ідзе толькі пра закон аб адмысловым рэжыме мясцовага самакіравання на Данбасе і ніякія асаблівыя паўнамоцтвы або суверэнітэт цэнтральная ўлада Украіны нікому не дэлегуе.

Артыкул 3 закону «Аб асаблівым парадку мясцовага самакіравання» гарантуе «недапушчэнне крымінальнага пераследу… усім удзельнікам падзей у Данецкай і Луганскай абласцях» і прадугледжвае правядзенне мясцовых выбараў 7 снежня 2014 г.

Прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік не пагаджаюцца на правядзенне гэтых выбараў і рыхтуюцца да ўласных, якія маюць адбыцца 2 лістапада.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў