Арыштаваны гендырэктар агракамбінату «Зара» – яго абвінавачваюць у крадзяжы і дачы хабару


Упраўленне Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці расследуе справу ў дачыненні да 60-гадовага гендырэктара ЗАТ агракамбінат «Зара» – яго абвінавачваюць у крадзяжы маёмасці ў асабліва буйным памеры. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.

СК не паведамляе імя топ-мэнэджара, аднак на сайце агракамбіната ў якасці гендырэктара значыцца Аляксандр Корнеў. Корнеў узначаліў прадпрыемства ў 2015 годзе.

«Падчас следства ўстаноўлена, што кіраўнік таварыства ў лістападзе 2017 года здзейсніў крадзеж вырабленай прадукцыі прадпрыемства ў колькасці больш за 30 кг на агульную суму больш за 270 рублёў – пагрузіў у асабісты аўтамабіль і вывез за межы прадпрыемства. Падчас руху па аўтадарозе абвінавачаны быў спынены супрацоўнікам АДАІ магілёўскага РАУС для ажыццяўлення праверкі дакументаў і транспартнага сродку. З мэтай пазбягання крымінальнай адказнасці за ўчыненае крадзеж маёмасці ЗАТ Агракамбінат «Зара» абвінавачаны меў намер перадаць інспектару ў якасці хабару грашовыя сродкі, аднак супрацоўнік міліцыі адмовіўся іх прымаць», – паведамляе сайт СК.

Паводле праваахоўнікаў, у перыяд з мая 2016 года па чэрвень 2017 года гендырэктар агракамбінату таксама заключыў фіктыўныя дагаворы падраду на выкананне пэўных работ на прадпрыемстве з чатырма грамадзянамі. Пры гэтым работа не выконвалася, а грошы ў памеры больш за 30 000 рублёў былі ўзятыя топ-мэнэджэрам з касы нібыта для аплаты работ.

Гендырэктару прадпрыемства прад’яўленае абвінавачванне ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі здзейсненым у асабліва буйным памеры, а таксама ў замаху на дачу хабару. Цяпер ён знаходзіцца пад вартаю, на яго маёмасць накладзены арышт.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў