«Арматы» зноў спазняюцца: серыйная вытворчасць расейскіх танкаў пачнецца не раней за 2020 год


Масква павялічвае фінансаванне закупак новых узбраенняў для сухапутных войск РФ, аднак разрэкламаваная навінка – танк Т-14 на гусенічнай платформе «Армата» яшчэ не хутка стане асноўным баявым танкам расейскага войска.

«Арматы» пойдуць у бок Беларусі і Украіны

Серыйная вытворчасць наватарскіх машын пачнецца ў 2020 годзе, паведамляе расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцу ў ВПК РФ.

«У адпаведнасці з дзяржпраграмай узбраення на 2018-2027 гады масавая серыйная вытворчасць танкаў на платформе «Армата» павінна пачацца ў 2020 годзе, будуць вырабленыя сотні машын», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Перш за ўсё найноўшыя танкі пойдуць на ўзбраенне частак, якія стаяць на беларускім і ўкраінскім накірунку – 1-й гвардзейскай танкавай арміі (Маскоўская вобласць), 20-й гвардзейскай агульнавайскавой арміі (Смаленск, Курск, Варонеж), 8-й гвардзейскай агульнавайскавой арміі (Растоўская вобласць).

Адваротны бок «адсутнасці аналагаў»

Хоць раней распрацоўваліся танкі падобнай кампаноўкі – з вежай, у якой няма экіпажу – але «Армата» можа стаць першым падобным серыйным танкам. Падобная канструкцыя выстаўляе падвышаныя патрабаванні да электронікі, сістэм сувязі, назірання і прыцэльвання. Традыцыйна ваенна-прамысловы комплекс СССР і яго спадкаемцы не надта моцныя ў гэтых сферах.

Такім чынам, новая па канцэпцыі машына можа аказацца занадта «сырой» і патрабаваць спецыялістаў вельмі высокай кваліфікацыі для яе абслугоўвання. Пра заканчэнне выпрабаванняў танка дагэтуль нічога невядома, яшчэ менш інфармацыі пра перспектывы іншых машын на гэтай жа платформе – цяжкай баявой машыны пяхоты Т-15, самаходнай артылерыйскай устаноўкі «Кааліцыя-СВ», рамонтна-эвакуацыйнай машыны Т-16, баявой машыны агнявой падтрымкі.

Зараз плануецца, што ў 2018 годзе першыя некалькі танкаў «Армата» паступяць для доследнай эксплуатацыі ў войсках. Гэты этап, хутчэй за ўсё, пакажа яшчэ дзясяткі, калі не сотні, слабых месцаў новай машыны. Яшчэ больш праблемаў «вылязуць» пазней, калі ў бранекапсулу танка сядуць жаўнеры не самай высокай кваліфікацыі.

Перспектывы

Верагодна, новы танк – найбольш дасканала распрацаваная сістэма на гусенічным шасі «Армата» – з’явіцца ў расейскім войску маленькімі партыямі на 20-30 машын у год, казаў у мінулым годзе рэдактар часопіса «Экспарт узбраенняў» Андрэй Фралоў.

Таму вельмі верагодна, што нават у 2025 годзе падаўляючую большасць расейскіх танкаў у баявых частках будзе складаць тая ці іншая мадыфікацыя савецкага Т-72.

Т-14 «Армата» на парадзе 9 траўня 2015 года.

Раней абвяшчалася, што да 2020 году расейская армія можа атрымаць ужо 2300 Т-14. Але толькі мінулай восенню стала вядома пра выпрабаванне пушкі – асноўнага ўзбраення новага танка. Пра новыя боепрыпасы да яе дагэтуль невядома.

Сусветная гонка танкавых узбраенняў?

Пасля заканчэння Халоднай вайны маштабных танкавых баёў ваенная гісторыя амаль не ведала – выключэннем сталі войны кааліцый на чале з ЗША ў 1991 і 2003 гадах. Там амерыканскія «Абрамсы» без праблем знішчалі адносна састарэлыя савецкія танкі розных мадыфікацый, якія былі на ўзбраенні войска Іраку.

У цэлым Захад у апошнія 25 год перастаў звяртаць асаблівую ўвагу на свае танкавыя войскі – заканчэнне супрацьстаяння з савецкім блокам дазволіла заўважна скараціць выдаткі на абарону, а баявыя дзеянні ўсё больш скіроўваліся супраць паўпартызанскіх-паўтэрарыстычных атрадаў баевікоў.

Сітуацыя змянілася ў апошнія гады. Масква, атрымаўшы мільярды долараў нафтавага звышпрыбытку, яшчэ ў 2009 годзе пачала распрацоўку прынцыпова новага танку Т-14 «Армата».

Амерыканскія танкі на вучэннях у Польшчы

Пасля агрэсіі РФ супраць Украіны павялічваць свае арсеналы бранятэхнікі, мадэрнізаваць свае танкі пачалі і самыя ўплывовыя краіны НАТО – Нямеччына, Брытанія, ЗША, Польшча, Турцыя. Адным з сімптомаў новага штуршка гонкі ўзбраенняў стала прэзентацыя новай танкавай 130-мм пушкі, якую вырабіла кампанія Rheinmetall – пастаўшчык нямецкіх танкаў Leopard 2.

Акрамя таго, Францыя і Нямеччына дамовіліся пачаць працу над будучым агульным танкам, які абʼяднае найлепшыя характарыстыкі французскіх танкаў Leclerc i нямецкіх танкаў Leopard 2. Зацікаўленасць у далучэнні да еўрапейскага танкавага альянсу агучыла і Польшча.

ЗША пачалі працаваць над праграмай «Баявая машына наступнага пакалення», вынікам якой можа стаць зʼяўленне будучага амерыканскага танка.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў