Аргкамітэт Дня Волі заклiкае 12 сакавіка адсвяткаваць 100-годдзе беларускага значка


Беларусаў запрашаюць упрыгожваць сябе, свае кватэры, дамы і аутамабiлi бел-чырвона-белымі сцягамі, стужкамі і значкамі, а таксама посціць фотаздымкі ў сацыяльных сетках.

Аргкамітэт Дня Волі-2017 прапанаваў адзначыць 100-годдзе першай беларускай грамадскай акцыі. 12 сакавіка 1917 года беларусы ўпершыню легальна выйшлі на вуліцы Менску з бел-чырвона-белымі сцягамі.

«Гэта вельмі важная дата. 100 гадоў таму нашыя нацыянальныя сiмвалы вярнулiся на вулiцы Менску, каб неўзабаве стацца дзяржаунымi ў адроджанай БНР», – кажа Аляксей Янукевiч, старшыня Партыi БНФ.

100 гадоў таму акцыя па папулярызацыі нацыянальнай сімволікі атрымалася вельмі паспяховай. Ладзіліся імпрэзы, сцягі луналі на вуліцах над крамамі і кафейнямі.

«Фактычна – гэта быў пачатак дзейнасці беларускага руху ў Менску. Прычым праводзілася акцыя ў вельмі цяжкіх умовах, таму што беларусы былі ў абсалютнай меншасці ў Менску. Большасць беларусаў 100 гадоў таму жыла ў вёсках. І калі менчукі пабачылі нашыя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, яны падтрымалі іх, хоць у асноўным не былі беларусамі па нацыянальнасці», – распавядае Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам».

У снежні 1917 года падчас Усебеларускага зʼезда ў Менску бел-чырвона-белы сцяг ужо безумоўна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусі. А ў 1918 годзе ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі. У савецкі час бел-чырвона-белая сімволіка была пад забаронай.

Арганізатары акцыі заклікаюць беларусаў узгадаць 12 сакавіка як важную дату гісторыі любым прымальным чынам.

Па тэме: 

У гэтым годзе аргкамітэт Дня Волі-2017 складаецца з прадстаўнікоў Партыі БНФ, «Руху За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары