Апытанне: больш рэлігійныя беларусы – большыя нацыяналісты


Беларусы, у жыцці якіх рэлігія мае вялікае значэнне, заўважна больш ганарацца сваім беларускім грамадзянствам, сведчыць апытанне, якое правёў аўтарытэтны даследчыцкі інстытут Pew Research.

Каталіцкі святар благаслаўляе беларускіх жаўнераў

Даследванне, якое называецца “Рэлігійныя перакананні і нацыянальныя прыхільнікасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе” базіруецца на дадзеных, якія былі сабраныя за апошнія некалькі год у Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіне, Эстоніі, Грэцыі, Грузіі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Малдове, Румыніі, Расеі, Польшчы, Чэхіі і Харватыі.

Вера, прыналежнасць, практыка

У нашай краіне аказалася, што 73 % насельніцтва адносяць сябе да праваслаўных, 12 % – да католікаў, яшчэ 11 % – да іншых веравызнанняў і канфесій, а 3 % – з’яўляюцца агностыкамі, атэістамі ці не звязваюць сябе ўвогуле з канкрэтнай рэлігіяй. У гэтым сэнсе Беларусь падобная да Румыніі і Украіны – краінаў з праваслаўнай большасцю, каталіцкай меншасцю, некалькімі адсоткамі прыхільнікаў іншых хрысціянскіх канфесій і атэістаў, а таксама без заўважнай прысутнасці мусульман (менш за 1 %).

Пры гэтым сацыёлагі адзначаюць розніцу паміж наяўнасцю перакананняў, рэлігійнымі практыкамі і адчуваннем прыналежнасці да супольнасці вернікаў. Гэтак, у Заходняй Еўропе большасць людзей адносяць сябе да хрысціянаў, аднак нячаста наведваюць цэрквы і касцёлы, у Усходняй Азіі мноства людзей не ідэнтыфікуюць сябе з канкрэтнай верай, аднак рэгулярна наведваюць будысцкія ці канфуцыянскія храмы для выканання рытуалаў.

Памінальнае праваслаўнае багаслужэнне ў Курапатах

У Беларусі паведамілі пра наведванне святыняў раз у тыдзень (што абавязкова для ўсіх хрысціян) – 12 % праваслаўных і 25 % католікаў. Гэта адпавядае сярэднім лічбам для нашага рэгіёну. З краінаў-суседзяў з вялікімі праваслаўнымі і каталіцкімі супольнасцямі: у Украіне адпаведныя лічбы 12 % і 43 %, у Латвіі – 5 % і 7 %.

Пры гэтым прыхільнасць да крыжыкаў на целе і іконаў у хатах прыкладна аднолькавая – запальвае свечкі, трымае у хаце іконы і крыжы, носіць рэлігійную сімволіку на сябе падаўляючая большасць і беларускіх праваслаўных, і беларускіх католікаў.

У Беларусі штодзённа моляцца 22 % праваслаўных і 39 % католікаў, пры гэтым, як і амаль ва ўсім рэгіёне жанчыны звяртаюцца да Бога прыкладна ў два разы часцей, чым мужчыны – 33 % супраць 15 %.

Мікс: здаровы кансерватызм з савецкім „прагрэсізмам”

Амаль усе беларусы – 84 % – не прымаюць гамасексуалізм як адну з нормаў жыцця ў сваім грамадстве. Такога меркавання прытрымліваюцца 75 % людзей ва ўзросце ад 18 да 34 год і 87 % людзей, якім 35 ці болей. Толькі 16 % апытаных лічаць, што можна ўвесці так званыя “гамасексуальныя шлюбы”. Пры гэтым сярод беларускіх католікаў такіх нават меней, чым сярод беларускіх праваслаўных – 14 % супраць 16 %.

Акцыя супраць абортаў у Гомлі

Большасць беларусаў выступае за абмежаванне ці поўную забарону абортаў, аднак пры гэтым у нашай краіне даволі высокая падтрымка і супрацьлеглага пункту гледжання – 42 % грамадзян лічаць, што яны павінны заставацца легальнымі ва ўсіх ці ў большасці выпадкаў.

Відавочна, шматгадовая савецкая практыка абортаў як адзінага даступнага метаду кантрацэпцыі, якая захавалася і ў постсавецкі час, працягвае ўплываць на свядомасць людзей. Тое ж самае можна сказаць і да стаўленне да жыцця ва ўлонні маткі як да нечага непаўнавартаснага.

У цэлым 87 % беларусаў лічаць амаральным ужыванне наркотыкаў, 80 % – прастытуцыю, 85 % – гамасексуальныя паводзіны, 38 % – аборт, 34 % – злоўжыванне алкаголем, 26 % – дашлюбны секс, 16 % – развод, 15 % – ужыванне сродкаў кантрацэпцыі. Гэта ў сярэднім адпавядае паказчыкам краін з праваслаўнай большасцю незалежна ад геапалітычнай арыентацыі і не надта адрозніваецца ад краін з каталіцкай большасцю ў нашым рэгіёне.

Праваслаўна-каталіцкі мір

Складаная гісторыя праваслаўна-каталіцкіх адносінаў прывяла да таго, што ў Беларусі прадстаўнікі абедзвюх канфесіяў навучыліся мірна суіснаваць і не звязваюць наўпрост канфесійную і нацыянальную прыналежнасць.

Гэтак Беларусь сярод лідараў па долі праваслаўных, якія гатовыя прыняць католіка ў сям’ю – 73 % беларускіх праваслаўных не маюць нічога супраць. Абсалютна той жа паказчык сярод католікаў – 73 %.

Масавая міжканфесійная малітва за Беларусь у Менску

Адначасова Беларусь на апошнім месцы сярод краінаў з праваслаўнай большасцю па такому паказчыку, як сувязь праваслаўя з нацыянальнай ідэнтычнасцю – толькі 45 % праваслаўных лічаць, што прыналежнасць да гэтай канфесіі мае колькі-небудзь заўважнае значэнне дла таго, каб быць сапраўдным беларусам.

У цэлым толькі 17 % насельніцтва Беларусі лічаць, што “вельмі важна” быць часткай рэлігійнай большасці, каб быць часткай беларускага народу.

Толькі 5-6 % беларусаў лічаць, што канфлікт паміж этнічнымі ці рэлігійнымі групамі сапраўды пагражае нашай краіне. Амаль кожны трэці беларус выступае за аб’яднанне католікаў і праваслаўных у адной Царкве.

Расейскі ўплыў

Пры гэтым праваслаўная ідэнтычнасць (а ў куды большай ступені, дадамо ад сябе, поўная неабароненасць Беларусі ад прапаганды расійскіх медыяў), на меркаванне аўтараў дакладу, схіляе вялікую частку на бок Масквы – 76 % беларусаў лічаць, што моцная Расія патрэбная для ўраўнаважання заходніх уплываў.

Аднак адзначым, што аналагічнага меркавання прытрымліваюцца 70 % насельніцтва Грэцыі – краіны-сябра НАТО!

У Беларусі 66 % рэспандэнтаў лічаць прыход расейскага бізнэсу карысным для краіны, у параўнанні з 42 % у выпадку з амерканскім бізнэсам. 47 % беларусаў называюць больш важнымі сувязі нашай дзяржавы з Расеяй, 17 % – з Еўразвязам, 18 % лічаць, што абодва накірункі супрацоўніцтва раўнаважныя.

Нават пасля расейскай анэксіі Крыму 60 % беларусаў не лічаць Маскву вайсковай пагрозай, 26 % лічаць, што РФ з’яўляецца невялікай пагрозай, а 6 % вераць у рэальную вялікую пагрозу з Усходу. Гэтыя лічбы параўнальныя хіба што з малдаўскімі, але Малдова нават не мае агульнай мяжы з Расеяй.

Уплыў расейскіх медыяў адчуваецца таксама ў тым, каго беларусы лічаць вінаватымі ў вайне на Данбасе: 11 % называюць вінаватай Маскву, 9 % – прарасейскіх баевікоў ва Украіне, 35 % – урад Украіны, 16 % – Захад. Па гэтым паказчыку мы самая прарасейская постсавецкая краіна ў рэгіёне.

У той жа час паводле ацэнак у сферы культуры і гісторыі (асабліва сярод моладзі) мы заўважна адрозніваемся ад Расеі – толькі 34 % беларусаў ва ўзросце да 34 год называюць распад СССР адмоўнай падзеяй.

Толькі 26 % беларусаў лічаць савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна пазітыўнай гістарычнай фігурай – у параўнанні з 58 % у Расеі. У той жа час 36 % беларусаў добра ставяцца да апошняга савецкага лідара Міхаіла Гарбачова, у той час у Расеі яго паважаюць толькі 22 %. Тут мы займаем нейкую сярэднюю пазіцыю паміж Румыніяй (дзе больш любяць і Сталіна і Гарбачова) і Украінай (дзе аднолькава меньш паважаюць абодвух).

Моцная дзяржава, вольны рынак

Маючы досвед жыцця ў СССР, большасць беларусаў адначасова выступаюць і за эканамічную свабоду (63 %), і за забяспечэнне дзяржавай патрэбаў незаможнага насельніцтва (84 %) – па гэтых паказчыках мы стаім недалёка ад суседніх з намі Польшчай і Латвіяй.

Пры гэтым наяўная эканамічная сістэма яўна не задавальняе жыхароў нашай краіны: 54 % лічаць эканамічнае палажэнне краіны дрэнным і толькі 38 % – задавальняючым. 33 % беларусаў лічыць самай вялікай праблемай беспрацоўе, 24 % – разрыў паміж багатымі і беднымі, 21% – экалогію, 19 % – зніжэнне маральных якасцяў у грамадстве, 6 % лічаць пагрозай міжэтнічны, а 5 % – міжрэлігійны канфлікт.

Ахвяраванні для Украіны ў каталіцкіх парафіях Беларусі

У сферы дзяржаўнай палітыкі 50 % беларусаў таксама выступаюць за адаслабленне дзяржавы ад рэлігійных інстытутаў, што лагічна ў краіне з 2 вялікімі канфесіянальнымі групамі насельніцтва. У той жа час 42 % лічаць, што дзяржава павінна дапамагаць пашырэнню рэлігіі.

У прынцыпе, заўважым, што гэта не ўзаемавыключальныя з’явы, калі лічыць, што дзяржаўная палітыка можа быць аднолькава спрыяльнай да ўсіх рэлігій і канфесіяў. Гэта адлюстроўваецца ў другім апытанні, дзе 44 % беларусаў выступаюць за дзяржаўную падтрымку Праваслаўнай царквы і цэлых 37 % – за аналагічную падтрымку і для другіх канфесіяў.

Пры гэтым толькі 47 % беларусаў лічаць, што беларускія рэлігійныя лідары маюць нейкі ўплыў на палітыку краіны, а 62 % хацелі б мінімізацыі гэтага ўплыву. У суседняй Польшчы вераць у палітычны ўплыў іерархаў 75% насельніцтва, а скараціць яго хочуць 65 % апытаных.

Нацыянальныя адчуванні, дэмакратыя і прагматыка

Беларусы не з’яўляюцца адданымі прыхільнікамі дэмакратыі: 38 % лічаць, што дэмакратыя лепш за любы іншы палітычны лад, 35 % прызнаюць, што ў некаторых выпадках лепш працуюць больш аўтарытарныя мадэлі, а 17 % не важна, які палітычны лад у краіне. Найбольш блізкія тут нам Балгарыя і суседняя Украіна.

Пры гэтым больш рэлігійныя людзі ў Беларусі больш вераць у такую дэмакратычную працэдуру як галасаванне – 64 % тых, для каго рэлігія мае значэнне ў жыцці, лічаць, што як мінімум у тэорыі галасаванне дае простаму чалавеку ўплыў на паводзіны дзяржавы. У той час як толькі 48 % нерэлігійных людзей падтрымліваюць працэдуру народнага волявыяўлення.

Юныя каталіцкія пілігрымы ідуць у Будслаў

У цэлым жа дае пра сябе знаць яшчэ невысокі ўзровень нацыянальнай свядомасці – хоць больш рэлігійныя людзі ў большай ступені ганарацца сваёй Радзімай, усё ж толькі 38 % беларусаў сказалі, што “вельмі ганарацца сваёй краінай”.

Беларусы таксама слаба вызначаюцца з галоўнымі фактарамі, важнымі для нацыянальнай ідэнтычнасці – толькі 34 % лічаць, што важна выконваць дзяржаўныя законы, толькі 22 % кажуць пра значэнне нацыянальнай мовы, 32 % – пра выплату падаткаў, 32 % – пра сямейныя карані, яшчэ 32 % – пра нараджэнне ў гэтай зямлі.

Глядзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu, фотаздымкі з сайтаў catholic.by, katolik-gomel.by, sppsobor.by

 

Глядзі таксама
Каментары