Апазіцыянерка з Таджыкістану папрасіла палітычны прытулак у Беларусі


Ужо амаль месяц у берасцейскім следчым ізалятары знаходзіцца таджыкская апазіцыянерка Шабнам Худайдодава.

У Беларусі яна папрасіла палітычны прытулак, матывуючы просьбу тым, што на радзіме яе арганізацыю прызналі экстрэмісцкай.

28-гадовая актывістка з’яўляецца сябрам апазіцыйнай «Групы-24». Апошнія гады яна жыла ў Расеі.

У сацыяльных сетках Шабнам Худайдодава актыўна падтрымлівала крытычныя меркаванні апазіцыі Таджыкістану і падкрэслівала неабходнасць правядзення рэформаў, адзначаюць таджыкскія праваабаронцы.

У кастрычніку 2014 года ўлады Таджыкістану абвясцілі «Групу 24» экстрэмісцкай арганізацыяй, што праваабаронцы расцанілі як палітычны пераслед апанентаў рэжыму.

У студзені 2015 года ў доме Шабнам Худайдодава быў праведзены ператрус, дапыталі яе маці і ўсіх, з кім яна мела дачыненні ў Таджыкістане.

Больш за месяц таму апазіцыянерка даведалася, што яе хочуць выкрасці. Таджыкскія праваабаронцы лічаць такі сцэнар цалкам рэальным, паколькі сябраў «Групы 24» ужо выкрадалі. А 5 сакавіка ў Стамбуле быў застрэлены лідар арганізацыі Умаралі Куватаў, як лічаць праваабаронцы, па замове таджыкскіх спецслужбаў.

Шабнам Худайдодава была арыштаваная пры перасячэнні беларускай мяжы 15 чэрвеня. Таджыкскія ўлады аб’явілі яе ў вышук па лініі Інтэрполу. На радзіме яе вінавацяць па артыкуле «Адказнасць саўдзельнікаў злачынства».

Сваякі нанялі Шабнам адваката, але ён ужо дзесяць дзён не можа патрапіць да сваёй падабароннай. Пра гэта паведаміў юрыст-праваабаронца з Берасця Раман Кісляк.

У сваю чаргу Еўрапейскі звяз ужо папрасіў улады Беларусі не экстрадаваць актывістку на радзіму.

НМ, belsat.eu, паводле Naviny.by

Стужка навінаў