Ангела Мэркель: Еўропа пакіне для Расеі прыадчыненыя дзверы


Канцлер Нямеччыны спадзяецца, што Масква апрытомнее і зноў будзе добрым партнёрам Захаду. Пра гэта ў панядзелак тэлеканалу «Sat1» заявіла федэральны канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, – перадае «Deutsche Welle».

Канцлер падкрэсліла, што працягне падтрымліваць рэгулярныя кантакты з прэзідэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным, каб захаваць магчымасць для дыялогу. Разам з тым, Мэркель прызнала, што на дадзены момант у Расіі і Нямеччыны ёсць «сур’ёзныя» разыходжанні ў меркаваннях адносна канфлікту на Данбасе.

Адносна санкцый Меркель выказала «цвёрдае перакананне», што яны з’яўляюцца тым сродкам ціску, які даводзіцца выкарыстоўваць як альтэрнатыву ваеннаму умяшальніцтву.

 На пасяджэнні фракцыі ХДС/ХСС у Берліне Мэркель назвала новыя санкцыі ЕЗ (увядзенне санкцый адклалі – на іх увядзенне пагадзіліся не ўсе краіны Еўразвязу – belsat.eu) у дачыненні да Расеі неабходным крокам, нягледзячы на дамоўленасць аб спыненні агню на ўсходзе Украіны.

Расея, ужо не раз падманвала Захад, – заўважыла Мэркель. Больш за тое, канцлер Нямеччыны адкрыта заявіла, што Масква даўно планавала дэстабілізацыю ўва Украіне. Нагадаем, што раней Ангела Мэркель заяўляла, што мае намер працягваць палітыку ціску ў дачыненні да Расеі, нягледзячы на магчымыя негатыўныя наступствы для Нямеччыны. Пазней яна дадала, што калі перамір’е не будзе парушацца, то санкцыі супраць Масквы могуць быць прыпыненыя.

ЮВ, паводле «Deutsche Welle»

Стужка навінаў