Андрэй Бандарэнка сам папрасіўся ў ШЫЗА


Асуджанага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку паводле ягонай заявы змясцілі ў камеру штрафнога ізалятара (ШЫЗА). Ён правядзе там два месяцы.

Пра гэта сайту ucpb.org паведаміў бацька асуджанага Валерый Бандарэнка, які ўчора ўвечары атрымаў ліст ад сына з папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску (Магілёўская вобласць).

«Такое рашэнне прыняў начальнік калоніі ў якасці захады бяспекі, – кажа Валерый Бандарэнка. — Паколькі было некалькі інцыдэнтаў, якія маглі перарасці ў канфлікт, што, вядома, прывяло б да парушэння з боку Андрэя. Каб пазбегнуць гэтага ён напісаў заяву, каб яго змясцілі ў камеру ШЫЗА. Па распараджэнні начальніка калоніі там ён будзе знаходзіцца два месяцы. Андрэй спыніў галадоўку. Для яго прымаюць перадачы».

Андрэя Бандарэнку змясцілі ў ШЫЗА 12 лістапада. У бабруйскую калонію яго перавялі з менскага СІЗА №1 напрыканцы кастрычніка. На новым месцы ён вымушаны быў распачаць галадоўку. Некалькі гадоў таму ў бабруйскай калоніі ён адбываў пакаранне па абвінавачанні ў эканамічным злачынстве, аднак у 2011 годзе Менскі гарадскі суд прызнаў яго невінаватым.

Як сказаў Валерый Бандарэнка, 27 кастрычніка адзін са зняволеных у бабруйскай калоніі заявіў сыну, што зняволеным вядома пра яго знаходжанне ў верасні 2010 года ў адной камеры з чалавекам з нізкім, па крымінальных мерках, статусам, з «адсаджаным». Таму яго самога цяпер лічаць такім і з гэтай прычыны ў сталоўцы ён не можа есці разам з усімі — толькі за сталом, за які сядзяць асуджаныя з такім жа статусам. У адказ на гэта Андрэй Бандарэнка прыходзіў у сталоўку, не садзіўся ні за адзін са сталоў і заяўляў, што есці не хоча.

12 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Менску пакараў былога дырэктара прыватнай інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформ інавэйшн» Андрэя Бандарэнку чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але за кошт амністыі тэрмін скарацілі да трох гадоў. Бандарэнка прызнаны вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве (часткі 1, 2 і 3 артыкула 339 КК) у дачыненні да трох грамадзянаў.

БелаПАН

Стужка навінаў