Анатоль Лябедзька пра Колю Лукашэнка: «Не вырасце ні спартсмен, ні мужчына»

video

Ніколі яшчэ дзіцячы хакей не прыцягваў столькі ўвагі ў Беларусі. Усе дзяржаўныя тэлеканалы і газеты зрабілі вялікія рэпартажы з фіналу спаборніцтваў «Залатая шайба» сярод хакеістаў 2003-2004 гадоў нараджэння. Прычына – залатую шайбу атрымаў Коля Лукашэнка, малодшы сын кіраўніка Беларусі.

Некалькі фактаў: арганізатар турніру «Залатая шайба» – Прэзідэнцкі спартовы клуб. Калі Коля Лукашэнка стаў хакеістам, спаборніцтва перанеслі з Ліды ў Менск, на гіганцкую «Чыжоўка-Арэну».

За Міколаву каманду «Грыфоны» супраць хакеістаў-аматараў гуляюць спартоўцы дзіцяча-юнацкіх спартовых школаў. У такой кампаніі Мікалай Лукашэнка гуляе пад нумарам 1 і прызнаны лепшым бамбардзірам. Коліны пракіды дзяржаўныя тэлеканалы паказалі, як адну з галоўных навінаў.

«Прысутнасць у складзе малодшага сына прэзідэнта – Мікалая Лукашэнкі тут жа выклікала непадробную цікаўнасць да ягонай гульні», – кажа дыктар тэлеканалу АНТ.

«Яны ўсе выйшлі зрабіць нейкі подзвіг, маленькі-маленькі подзвіг», – зазначае Дзмітрый Баскаў, галоўны трэнер каманды «Грыфоны».

Залатога хлопчыка з залатой шайбай беларусы бачаць на экранах радзей хіба толькі за ягонага бацьку. Коля атрымліваў залаты пісталет ад Дзмітрыя Мядзведзева, збіраў ўраджай кавуноў, прымаў святочны парад у Менску, выступаў перад ветэранамі, паказваў на месца старэйшым братам, разам з бацькам ставіў свечку і маліўся за Беларусь. Таксама Коля галасаваў, знаёміўся з саудаўскімі прынцамі ды наведваў вайсковы парад у Кітаі. Увесь свет ведае, што малады Лукашэнка змагаецца са сном на Генеральнай асамблеі ААН. Ён займае месца побач з міністрам замежных справаў, паміж прэмʼерамі і прэзідэнтамі іншых краінаў.

«Быць можа, ён такі асаблівы, усё паспявае», – кажа жанчына. «Мне яго шкада. Бо ён закладнік сітуацыі, у якой знаходзіцца», – мяркуе міначка.

«Калі ён дапамагае вырашаць палітычныя пытанні, то гэта няправільна, я лічу. Дзіцё дзяржавай правіць, ці што?», – падсумоўвае мянчук.

«Любы дзяцёнак мусіць хадзіць у школу, гуляць на вуліцы. А не вось так, што яго баця цягае за сабой, нават на Асамблею ААН», – даводзіць мужчына. «Па-першае, гэта ягоны сын, і ён мае права браць яго, калі гэта не за дзяржаўны кошт», – дадае мінак.

Пакуль не правіць. Але, калі Канстытуцыю не зменяць, праз 23 гады Коля зможа балатавацца на прэзідэнта.

«З цягам часу Лукашэнка пачаў верыць у тое, што ён выпешчвае новага кіраўніка дзяржавы. І ён хоча ўжо сёння паказваць яго ў лепшых ракурсах, што ён лепшы хакеіст, што ён мае палымянае сэрца і ідзе да ветэранаў, што ён іх любіць», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, кіраўнік Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

З лепшым хакеістам не ўсё так адназначна. Відэа з турніру «Залатая шайба», названае «Суддзя схапіў за горла праціўніка Колі Лукашэнка«, набрала дзясяткі тысячаў праглядаў у інтэрнэце.

«Не вырасце ні спартсмен, ні мужчына… Калі ты гуляеш у хакей, а суддзя выконвае функцыю твайго ахоўніка, і хапае за гарляк таго, хто цябе падчапіў, то нічога добрага тут не атрымаецца», – дадае Анатоль Лябедзька.

Гэтаксама грае ў хакей і Колін бацька. Пра тое, як спартоўцы не асмельваюцца перамагаць дыктатараў на спартовых спаборніцтвах, смяюцца ва ўсім свеце. І нават кіно здымаюць. Чаго варты ўрывак са спаборніцтваў з фільму «Дыктатар» Сашы Барона Коэна! Стужка забароненая ў Беларусі.

Над Лукашэнкамі таксама смяюцца. Пасля паездкі Колі на Генасамблею ААН комік Джон Олівер параўнаў бацьку і сына з персанажам Доктар Зло і ягонай злобнай копіяй «Міні-Мы».

«Нам усім трэба знайсці спосаб залагодзіць гэтага дзецюка, бо потым ён вырасце і паспрабуе забіць нас са свайго касмічнага лазера!», – жартуе Джон Олівэр, вядоўца тэлеканалу HBO.

А што рабіць беларусам, каб не ператварыцца з грамадзянаў у васалаў манархічнай дынастыі?

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары