Тэмпературныя рэкорды пабіла анамальная спёка, якая прыйшла ва Усходнюю Еўропу.
У Балгарыі слупкі тэрмометраў паказвалі +44 градусы. Такія ўмовы надворʼя ўжо прывялі да чалавечых ахвяраў, а ўлады шэрагу краінаў абвесцілі крытычны ўзровень небяспекі.
У Сафіі праз высокую тэмпературу 5 чалавек загінулі, 180 звярнуліся па медычную дапамогу. Па ўсёй краіны налічваюцца сотні пацярпелых, сярод іх дзеці і людзі сталага веку.
У 19 усходніх і паўднёвых уездах Румыніі, уключаючы сталіцу Бухарэст, уведзены максімальны «чырвоны код» небяспекі, які значыць «моцную спёку і цеплавы дыскамфорт». Дагэтуль Нацыянальная метэаралагічная адміністрацыя краіны канстатавала такую сітуацыю толькі двойчы ў гісторыі.
Улады адкрылі ў гарадах пункты першай дапамогі з пітной вадой, ваду раздаюць і ў грамадскім транспарце.
КА, belsat.eu