Аналітыкі Пуціна: «Белоруссия» – частка вялікай Расеі, а з Украіны трэба зрабіць Сірыю

video

Youtube-канал «Action Tube» апублікаваў абуральныя заклікі па знішчэнню Украіны, з якімі выступіў эксперт з Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў МГІМО. А кіраўнік Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў (РІСД) Леанід Рашэтнікаў аспрэчыў суверэнітэт Беларусі ды заявіў, што Менск ідзе па «украінскім сцэнары».

РІСД зʼяўляецца аналітычным цэнтрам, які працуе на Адміністрацыю прэзідэнта Расеі ды іншыя інстытуты ўлады ў Расеі. МГІМО лічыцца элітарным расейскім ВНУ ў якім рыхтуюць дыпламатаў.

У сваёй прамове кіраўнік РІСД Рашэтнікаў спасылаецца на пастанову ЦК ВКП(б) ад 1926 г. «Пра стварэнне беларускай мовы» [belsat.eu не ўдалося знайсці гэтую пастанову]. Паводле расейскага аналітыка, дзякуючы гэтай пастанове паўстала беларуская мова.

«Разумееце? 1926 года. Гэтай мове, выходзіць, 90 гадоў. Вось гэтая бомба, якая была закладзена тады, яна цяпер выбухнула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі. Гэта вельмі непакоіць усіх нас, я мяркую, і нашае кіраўніцтва… Увага цяпер адцягнутая Сірыяй ці Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь. Нельга забываць – гэта гістарычная частка вялікай Расеі, вялізнай Расеі, гэта частка нашага народа… Пра што яны думаюць? [беларуская ўлада. – belsat.eu] Аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму – вось што атрымліваецца», – разважае Рашэтнікаў.

На жаль, аўтар відэа не апублікаваў усю прамову кіраўніка РІСД (у сеціве зʼявілася толькі змантаваная версія).

Нашая авіяцыя павінна правесці ва Украіне «сірыйскую аперацыю»

У другой частцы відэа эксперт з Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў МГІМО распавядае пра спосаб дэстабілізацыі Украіны.

«Нашая авіяцыя і дальнабойныя сістэмы павінны дапамагчы арміі Данбасу. Фактычна сірыйскі варыянт, калі будзе знішчаная вайсковая інфраструктура Украіны: сістэма сувязі, супрацьпаветраная абарона, цяжкія ўзбраенні. Пасля гэтага рушаць войскі Данбасу, якія пры дапамозе лёгкай зброі зачысцяць рэшткі ўкраінскага войска. Пасля гэтай аперацыі рэжым пачне сыпацца», – мяркуе эксперт.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары