«Нет флагу полицаев!» Сайт расейскіх суайчыннікаў у Беларусі палівае брудам нацыянальную сімволіку

video

«Партал» «Вместе с Россией» апублікаваў відэаінтэрвʼю з беларускім палітолагам Уладзімірам Зайцавым (былы працаўнік аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта), які лічыць, што ў Беларусі «адбываецца вяртанне фашызму». Паводле эксперта, пацверджаннем ягоных высноваў можа быць усё большая папулярнасць бел-чырвона-белага сцяга.

«У межах інфармацыйна-псіхалагічнай вайны, якую Захад увесь час вядзе супраць Расеі, Беларусі і іншых постсавецкіх краінаў, галоўны прынцып гэтай вайны – раздзяляй, каб усе былі ворагамі адзін аднаму. І робіцца гэта не толькі ў сферы палітыкі, але і ў сферы культуры. Беларускую культуру супрацьпастаўляюць расейскай нягледзячы на тое, што гэта галіны аднаго дрэва. Спрабуюць супрацьпаставіць мову, маўляў, беларуская мова – не расейская, а расейцы ўвогуле нейкія угра–фіны… Гэтыя спробы ўкаранення сімволікі, якая даўно ўжо была выкінутая на памыйніцу, – гэта спроба ўнесці раскол у свядомасць людзей», – кажа палітолаг.

Паводле Зайцава, беларуская апазіцыя апошнім часам актывізавалася, бо «атрымала новыя каманды» і грошы. «Калі б я быў дэпутатам, то я б увёў крымінальную адказнасць за працу на іншыя дзяржавы для ўсіх іншаверцаў і іншародцаў – нашых геапалітычных праціўнікаў», – дзеліцца сваймі развагамі Зайцаў. Ягоныя словы на відэа праілюстраваныя відэахронікаю са свастыкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі з часоў нацысцкай акупацыі.

Скрыншот з відэаінтэрв'ю

З экспертам размаўляў беларускі каардынатар «Национально освободительного движения» (НОД) і дырэктар Менскага інфармацыйна-асветніцкай установы «Наша история» Уладзімір Рыжанкоў, які цалкам падзяляе меркаванне Уладзіміра Зайцава.

НОД – расейская няўрадавая арганізацыя, якая выступае за «аднаўленне суверэнітэту Расеі». Паводле членаў арганізацыі, Расея страціла свой суверэнітэт у 1991 годзе «праз штучны падзел краіны на 15 дзяржаваў (распад СССР – Заўв belsat.eu), а фінансавая сістэма трапіла ў «наўпроставую залежнасць ад амерыканскага долара».

Крыніца: НОД
Крыніца: НОД

«Нашыя дзяды і прадзеды ведалі, што трэба рабіць з еўраінтэгратарамі, якія нясуць нам дэмакратыю. З заходнімі дэмакратызатарамі ды вырадкамі трэба ваяваць. Гэта гістарычная азбука. Нам трэба рабіць тое самае і тады мы застанемся жывымі», – распавядае Рыжанкоў у відэароліку, апублікаваным на youtube-канале «НОД-Беларусь».

Прапануем вашай увазе дакументальны фільм «Белсату» «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»

У фільме расказваецца пра адзін з найцяжэйшых перыядаў у гісторыі Беларусі XX ст. Нішто дагэтуль не абуджае такіх гарачых спрэчак, як нямецкая акупацыя Беларусі 1941–1944 гг.

Сёлета Уладзімір Рыжанкоў звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю аб забароне бел-чырвона-белага сцяга. Адпаведная петыцыя зʼявілася на сайце change.org. Петыцыю падтрымала менш за 500 асобаў.

«Просім сілавыя структуры не дапусціць рэабілітацыі і разгортвання на тэрыторыі Беларусі ўкраінскага сцэнара фашызму з нацыяналістычным тварам бандэраўшчыны, уласаўшчыны і беларускага «свядомага» калабарацыянізму», – гаворыцца ў петыцыі.

Нагадаем, што сёлета за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці сабралі 10 тысяч подпісаў. Подпісы збіралі ў Менску з 19 верасня па 19 кастрычніка. Цяпер пытанне аб статусе бел-чырвона-белага сцяга знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве культуры.

Крыніца: vk.com/belnod

Варта адзначыць, што каардынатарам парталу, на якім было апублікаванае інтэрвʼю з Уладзімірам Зайцавым, зʼяўляецца былы кіраўнік аддзелу ў справах моладзі Кастрычніцкага раёну Віцебску ды кіраўнік зарэгістраванай у Беларусі грамадскай арганізацыі «Русский дом» Андрэй Герашчанка.

Герашчанка пра смерць беларускага журналіста Паўла Шарамета. Крыніца: rumol.org

Летась у каментары расейскаму агенцтву regnum.ru старшыня Віцебскага грамадскага аб’яднання «Русский дом» Андрэй Герашчанка заявіў, што ў Беларусі рыхтуецца «Еўрамайдан».

«Моладзевыя радыкальныя групы – нацыяналісты і футбольныя «ультрас» ужо сёння могуць выставіць не менш 15 «соцень» для магчымага беларускага «майдану». Безумоўна, з Лукашэнкам гэта малаверагодна, але яны ўжо рыхтуюцца напоўніцу. Абсалютна відавочна, што ўлады іх ужо з цяжкасцю стрымліваюць», – мяркуе Герашчанка.

А цяпер, давайце паспрабуем абагульніць вышэйзгаданую інфармацыю. Мянчук Уладзімір Рыжанкоў, які ўзначальвае філіял расейскай арганізацыі, размаўляе з былым урадавым экспертам, які працаваў на Лукашэнку. Іхную размову публікуе сайт, які фінансуецца МЗС Расеі, а каардынатар гэтага інфармацыйнага рэсурсу ўзначальвае расейскую арганізацыю ў Віцебску, дзе раней быў прадстаўніком мясцовай вертыкалі ўлады. Памножце гэта на 70 000 і вы атрымаеце блізкі да рэальнасці вобраз беларускага дзяржапарату, які амаль цалкам складаецца з людзей «made in USSR», або прагматыкаў, якія з лёгкасцю падхопяць рыторыку Рыжанкова і Зайцава, калі ўзнікне такая неабходнасць/загад. Дадайце да гэтага той факт, што не менш за 50 % афіцэраў у беларускім войску – расейцы. «Расейскі свет» ужо тут, спадарства!

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары