Аляксандра Алесіна вызвалілі з КДБ


Арыштаванага журналіста і вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна вызвалілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе, паведамляе сайт газеты «Белорусы и рынок».

 «Я лічу гэта падставай з боку тых, з кім я супрацоўнічаў. Яўна ці няяўна мяне падставілі. Я нічога незаконнага не рабіў, браў інфармацыю з адкрытых крыніц», – заявіў Аляксандр Алесін радыё «Свабода».

Журналіст адзначыў, што пакуль не можа прыйсці ў сябе, што ён дагэтуль у стрэсе, што вельмі моцна перажываў за родных і блізкіх. У першую чаргу цяпер ён збіраецца ў паліклініку, бо ў яго праблемы з ціскам.

Спадар Алесін паведаміў, што з яго знятае абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве, цяпер яго абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнымі спецслужбамі, за што Крымінальным кодэксам прадугледжанае больш мяккае пакаранне, таму яго і выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ.

Аляксандр Алесін быў затрыманы 25 лістапада, аднак вядома пра гэта стала толькі 4 снежня. Пазней сваякі журналіста са спасылкай на Камітэт дзяржбяспекі паведамілі, што яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – 356 (здрада дзяржаве) і 356-1 (усталяванне супрацы са спецыяльнай службай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы). Вядома таксама, што Алесін не з’яўляецца асноўным падазраваным па дадзеных складах злачынстваў, асноўны падазроны – невядомы замежны дыпламат.

У абарону Алесіна выступілі праваабаронцы закрытага ўладамі цэнтру «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў і яго калегі па рэдакцыі. Яны ўпэўненыя ў тым, што веды Алесіна як ваеннага эксперта і аналітыка не выходзяць за межы адкрытых крыніцаў.

МЯ, belsat.eu, паводле svaboda.org, БелаПАН,

Стужка навінаў