Аляксандр Класкоўскі: «Улады не фільтруюць базар»

video

https://youtu.be/gL31I_eb720

Ён дбае пра ўсё і пра ўсіх, а таму карыстаецца даверам у грамадстве. Гэткі партрэт кіраўніка Беларусі зацята ствараюць дзяржаўныя медыі. У выніку і прэзідэнцкія выбары могуць падацца простаю фармальнасцю: маўляў, хто ж, калі не ён?

Гэта – афіцыйныя вынікі апошніх выбараў: 83,5 % – падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі, наступная – Таццяна Караткевіч з чатырма цэлымі чатырма дзясятымі адсотка галасоў.

Паводле ж снежаньскага апытання Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, дзейны кіраўнік краіны набірае ўсяго крыху больш за палову галасоў выбарцаў, ягоная найбліжэйшая канкурэнтка Таццяна Караткевіч – больш за 22 %.

«Гэтая лічба сацыялагічнага апытання, яна бліжэйшая да праўды. Бо не магло быць такой лічбы, якая была агучана Цэнтравыбаркамам. Нават калі толькі адбыліся выбары, шмат хто з аналітыкаў гіпатэтычна прымяраў пэўную арыфметыку рэжыму, якім чынам гэтая лічба вылічвалася», – зазначае Уладзімір Мацкевіч, метадолаг, філосаф.

Паводле даследавання НІСЭПД, у выпадку, калі б наступныя выбары адбыліся ўжо заўтра, за дзейнага кіраўніка Беларусі ўвогуле галасавала б усяго траціна (33,3 %) апытаных, пры гэтым у параўнанні з вераснем на паўтары адсоткі знізіўся давер да Лукашэнкі. Разам з тым росту гатовасці грамадства да пераменаў няма, больш за палову (55,4 %) апытаных – за тое, каб усё заставалася, як ёсць.

«Народ проста не верыць, пры тым, што яму не падабаецца цяперашняя ўлада, якая ўсё болей залазіць у кішэню, ён не верыць, што неяк можна зрушыць гэты маналіт з месца. Лукашэнка па-свойму давёў да дасканаласці вось гэтую сістэму з сілавым кулаком, з прапагандай і безальтэрнатыўнасцю», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік.

Зафіксавала даследаванне НІСЭПД і рэкордна нізкую долю тых, хто выступае за інтэграцыю з Еўразвязам – 19,8 %. Таксама толькі кожны пяты апытаны лічыць далучэнне Расеяй Крыму акупацыяй, а аперацыю ў Сірыі – умяшальніцтвам Крамля не ў свае справы, і толькі 15 адсоткаў адмоўна ставяцца да ідэі «русского міра».

«Нажаль, гэта такі тэрмаядравы эфект расейскай прапаганды, найперш праз тэлеканалы. Яны вяшчаюць на Беларусь фактычна бесперашкодна. Тут, так бы мовіць, улады не фільтруюць базар. І не таму, што яны не разумеюць гэтай небяспекі, а таму што страшна зачапіць Крэмль», – падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.

Тым не менш, прыхільнікаў саюзу з Расеяй, паводле даследавання, таксама паменела – цяпер такіх менш за трыццаць адсоткаў (29,7 %). Як адзначаюць эксперты, шмат хто адчувае каштоўнасць суверэнітэту, і каб зацягнуць Беларусь у нейкі больш шчыльны саюз, патрэбныя важкія аргументы. Такіх аргументаў не мае ні Лукашэнка, ні Крэмль.

Алесь Яшчанка, Белсат

Глядзі таксама
Каментары