Альтэрнатыва АЭС: як у Беларусі працуюць сонечныя электрастанцыі

video

Бяспечная энергія побач. Пакуль улады галоўным праектам энергетычнай незалежнасці Беларусі называюць Астравецкую АЭС, папулярнасць набывае і альтэрнатыўная энергетыка. Буйная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5,7 МВт пачала дзеяць у Мядзельскім раёне. У Брагінскім – кампанія «Вэлком» запусціла найбуйнейшую ў Беларусі сонечную электрастанцыю намінальнаю магутнасцю амаль 18 з паловай МВт.

АНДРЭЙ МЕНДЗЕЛЕЎ, ПЕРСАНАЛ «САЛЯРЫС 2»:

«Добра. Электраэнергія, рабочыя месцы для раёну».

У Беларусі ўжо існуюць некалькі дзясяткаў прыбытковых электрастанцыяў. У параўнанні з атамнымі, сонечныя простыя ў абслугоўванні, не патрабуюць набыцця імпартнага ядравага паліва, захавання ядравых адкідаў. Да таго ж хутка ўводзяцца ў эксплуатацыю.

АНДРЭЙ МЕНДЗЕЛЕЎ, ПЕРСАНАЛ «САЛЯРЫС 2»:

«Пачалі будаваць 24 сакавіка, гэтага года. За 4 месяцы».

Сонечныя электрастанцыі дазваляюць перадухіліць змяненне клімату, бо пры іх працы не выкідаецца СО2, як пры спальванні прыроднага газу. А ў параўнанні з атамнымі, пры збоі ў працы, сонечныя – не ўяўляюць небяспекі.

ЖЫХАРЫ БРАГІНУ:

«Сонечная батарэя, яна дзее – мы бярэм ад прыроды толькі тое, што яна сама дае, без умяшання. Самыя простыя нейкія элементы ставяцца».
«Жывем каля Чарнобылю. Самі адчулі на сабе, што адбылося. Таму гэта – экалагічна чысты».
«Усе людзі вельмі рады, што ў нас яе зрабілі. Людзям таксама дадатковыя працоўныя месцы».

Скептыкі лічаць, што Беларусь – не сонечная краіна, і таму тут станцыі не змогуць эфектыўна працаваць. Паводле ж адмыслоўцаў, патэнцыйная эфектыўнасць выкарыстання сонечных станцыяў у нас толькі за кошт спрыяльных умоваў інсаляцыі на 10 % вышэйшая, чым у Польшчы, Нідэрландах і больш чым на 17 % – чымся ў Нямеччыне, Бельгіі, Даніі.

АРЦЁМ БЫСТРЫК, ЦЭНТР ЭКАЛАГІЧНЫХ РАШЭННЯЎ:

«Мы ведаем, Нямеччына, Данія – гэта ўвогуле сусветныя лідары ў колькасці ўсталяваных панэляў, пры гэтым там марскі клімат, у нас усё ж больш кантынентальны. І ў іх таксама менш такіх яскравых сонечных дзён, чым у Беларусі. І тым не менш мы бачым, што пры іншых умовах людзі пачынаюць нашмат актыўней карыстацца гэтымі тэхналогіямі. Пытанне, што гэта за ўмовы».

У Беларусі нібыта спрабуюць стварыць належныя ўмовы, каб падтрымаць развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі – найперш фінансава. За энергію, здабытую з сонца, дзяржава мае плаціць амаль з патройным падвышаючым каэфіцыентам. Аднак гэта ж стварае перашкоды – з прычыны вялікіх коштаў адмаўляецца ад яе выкарыстання.

АРЦЁМ БЫСТРЫК, ЦЭНТР ЭКАЛАГІЧНЫХ РАШЭННЯЎ:

«Зразумела, што для «Белэнерга» гэта проста лішнія грошы, якія трэба фактычна траціць на падтрыманне ўзнаўляльнай энергетыкі, гэта не зусім выгадна. Таму існуюць пэўныя квоты па кожнай з вобласцяў нашай краіны. І ўвогуле, гэта не так проста далучыцца (нават калі вы пабудавалі станцыю) да дзяржаўных сетак і прадаваць ім энергію».

На сёння ў Беларусі амаль 95 % электраэнергіі выпрацоўваецца з пакупнога расейскага газу. Каб здабыць палітычную незалежнасць і фінансавую ўстойлівасць, неабходна паменшыць гэтыя аб’ёмы. Таму пытанне выпрацоўкі энергіі з узнаўляльных крыніцаў – гэта не толькі думкі пра экалогію, але і пытанне энергетычнай незалежнасці нашае краіны.

Вольга Чайчыц  belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары