Алесь Лагвінец пра расейскую авіябазу: «Гэта гульня нерваў – хто першы не вытрымае»

video

https://youtu.be/IHoXgzQu7p4

Уладзімір Пуцін не плануе асобнай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Хаця час на прэзідэнтаў Казахстану і Кыргызстану знойдзе. Афіцыйна тлумачыцца, што лідары Беларусі і Расеі сустракаліся зусім нядаўна, аднак цяжка назваць тую сустрэчу прадуктыўнай.

«Гэта гульня нерваў – хто першыя не вытрымае, зразумела, што так, ці інакш размаўляць яны паміж сабой будуць – сустрэча будзе ў розных фарматах, але яны будуць адзін аднаго бачыць. Нават калі не анансавалася асобная сустрэча, у выніку саміту дасягаліся нейкія пагадненні», – зазначае палітолаг Алесь Лагвінец.

Бо папярэдні візіт кіраўніка Беларусі ў Маскву на мінулым тыдні скончыўся, фактычна – нічым. Акрамя дэкларацыяў сяброўства, з расейскай сталіцы Аляксандр Лукашэнка прывёз толькі рашэнне пра адкладзены крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. І раптам учора ў вечаровым эфіры тэлеканалу АНТ расейскі пасол у інтэрв’ю пра гэтую сустрэчу абнадзеіў.

«Я думаю могуць быць нейкія зрухі па газу – там на нейкую колькасць долараў. Трошкі можа знізіцца – яна цяпер 142 долара за тысячу кубаметраў і можа апынуцца на ўзроўні 140-135 долараў», – мяркуе Аляксандр Сурыкаў, пасол Расейскай Федэрацыі ў Беларусі.

Аднак ужо сёння прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі нават не разглядаюць пытанне зніжэння цэнаў на нафту і газ для нашай краіны. Акурат пасля таго, як міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што гэтак жа не разглядаецца і пытанне зʼяўлення ў нашай краіне расейскай авіябазы. Аднак гэтыя пазіцыі могуць лёгка змяніцца, кажуць адмыслоўцы.

«Пуцін агучыў сваю пазіцыю, ягоныя людзі таксама агучылі пазіцыю Расеі, што яны хочуць гэтую авіябазу. Усе тыя людзі, што служаць Лукашэнку – трымаюцца ягонай лініі. Міністр абароны зменіць сваё меркаванне, як толькі яго зменіць Лукашэнка», – мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.

Разам з гэтым – змяняць пазіцыю, без крэдыту, без новых зніжак на энерганосьбіты цяпер, калі Менск чакае на крэдыт ад Міжнароднага Валютнага Фонду, нагодаў, здавалася б няма. Мы запыталі ў жыхароў Масквы – ці трэба працягваць падтрыманне такога хаўрусніка?

«Лукашэнка, то адмаўляецца ад вайсковай базы, што мелася быць у Беларусі, то выпрошвае грошы. Так што неяк атрымліваецца і не туды і не сюды», – зазначае мужчына.

«Гэта сяброўская нам дзяржава і дзяржава, што было ў СССР – мы разам і фашызм перамаглі – Лукашэнка – малайчына – наш сябра і таварыш», – выказваецца мінак.
«Не магу сказаць, што ён дрэнны партнёр – нармальны партнёр. Іншага няма», – падсумоўвае іншы мінак.

У беларускай палітыцы гэта называецца шматвектарнасцю, аднак у выніку нейкі вектар заўсёды пераважае. Звычайна – расейскі.

Усевалад Шлыкаў, Белсат

Глядзі таксама
Каментары