«Аль-джазіра» пра «Белсат»: яны могуць сказаць пра Расею тое, чаго не можа сказаць беларускі ўрад


Катарскі тэлеканал аналізуе дачыненні беларускіх і расейскіх СМІ.

Выданне піша, што ў расейскіх дзяржаўных СМІ ёсць звычайныя заходнія мішэні, але часам яны сканцэнтраваныя «бліжэй да дому» – на Беларусі.

«Менск і Масква былі саюзнікамі на працягу многіх гадоў, Беларусь эканамічна і палітычна залежыць ад Расеі на працягу доўгага часу. Але апошняя сварка праз энергетычныя субсідыі і кампанію Расеі ўва Украіне зрабілі адносіны крохкімі, таму Менск усё часцей звяртаецца да Захаду ў пошуку новых, альтэрнатыўных саюзнікаў».

Уплыў Расеі на беларускую інфармацыйную прастору стаў праблематычным для Лукашэнкі. Шмат якія палітычныя шоу заблакаваныя, а ўрад прыдумляе новыя спосабы, у тым ліку жывую цэнзуру (калі навіны выходзяць у эфір з 5-хвілінным спазненнем – заўвага belsat.eu), каб спыніць наратыў Крамля.

Аднак змаганне з Крамлём – гэта толькі адна з праблемаў Лукашэнкі, піша Aljazeera.

Выданне апісвае сакавіцкія антыдармаедскія пратэсты і ўзгадвае «Белсат», як найпершую для беларусаў крыніцу нецэнзураванай інфармацыі ў эфіры.

«Вельмі цікавая рэч пра «Белсат» гэта тое, што яны вельмі крытычныя да беларускага ўраду. «Белсат» існуе 10 гадоў, журналістаў каналу пераследуюць, але цалкам іх яшчэ не зачынілі. Падчас інтэрвʼю з былым праграмным дырэктарам «Белсату», я спытала яго, як у такой цэнзураванай краіне, яны маглі працаваць 10 гадоў? Ён падаў думку, што можа таму, што «Белсат» можа сказаць пра Расею тое, чаго не можа сказаць беларускі ўрад. Што можа быць карысным для беларускага ўрада ў доўгатэрміновай перспектыве«, – піша Эмі Макінан, стваральніца праекту Coda Story.

Coda Story нядаўна выпусцілі анімаваны ролік, які распавядае замежнікам пра тое, як працуе «Белсат» і навошта ён патрэбны.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў