Актывісты БРСМ мусяць апрануць вышыванкі на імпрэзе, якую зацвердзіў урад


Фота bestvuz.by

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) сумесна з Менгарвыканкамам і Міністэрствам культуры плануюць правесці свята «Дзень вышыванкі» ў ліпені гэтага года.

На гэтым тыдні Савет міністраў пастановай № 51 зацвердзіў план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года культуры. Да дакументу прыкладаецца пералік гэтых імпрэзаў, сярод якіх ёсць і «Дзень вышыванкі».

Фестываль нацыянальнай культуры «Дзень вышыванкі» ўжо існуе. Распрацоўнікам канцэпцыі і фармату гэтага фестывалю зʼяўляецца Мікіта Броўка, каардынатар «Арт Сядзібы» – некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. Першыя два «Дні вышыванкі» з поспехам прайшлі ў кастрычніку і снежні 2014 года ў Менску менавіта пад эгідай «Арт Сядзібы» і Асамблеі НДА.

У каментары для БелаПАН Мікіта Броўка расказаў, што ніхто з дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадскіх абʼяднанняў не звяртаўся да актывістаў «Арт Сядзібы» як да ініцыятарам «Дня вышыванкі» у Беларусі з прапановай разам правесці гэтую імпрэзу.

«У прынцыпе, раней БРСМ ужо выкарыстаў нашу ідэю з раздачай стужачак з беларускім арнаментам, – сказаў Броўка. – Але ў іх не было такога размаху, як у нас, ды і акцыя іхная праходзіла пад іншай назвай і была ў рамках прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі».

Каардынатара «Арт Сядзібы», паводле яго слоў, не здзіўляе, што дзяржава вырашыла выкарыстоўваць гэтую назву для свайго свята:

«Наколькі мне вядома, у Адміністрацыі прэзідэнта лічаць, што гэта мы запазычылі ў іх ідэю з вышыванкай, паколькі арнамент ёсць і на дзяржаўным сцягу. Акрамя таго, Лукашэнка неяк зʼяўляўся ў вышыванцы. Але першапачаткова гэта была мая ідэя – правесці фестываль менавіта ў такім фармаце і пад такой назвай».

Па словах Броўкі, з аднаго боку добра, што дзяржава ўслед за грамадскімі актывістамі «робіць ухіл на развіццё ўсяго беларускага». З іншага боку, сказаў ён, калі дзяржава «праводзіць імпрэзу, выкарыстоўваючы ідэю, фармат і назву, упершыню праведзеную « Арт Сядзібай», то было б справядліва, калі б яно прапанавала партнёрства».

«Арт Сядзіба» планавала правесці ў гэтым годзе чарговы фестываль пад назвай «Дзень вышыванкі». Мяняць гэтую назву праз намеры дзяржавы правесці аднайменную імпрэзу грамадскія актывісты не збіраюцца. «Усё ж такі гэта мы ўпершыню ў Беларусі правялі фестываль нацыянальнай культуры пад такой назвай», – заявіў Броўка.

Атрымаць каментар прэс-службы БРСМ датычна таго, ці збіраецца гэта маладзёвае абʼяднанне прапанаваць «Арт Сядзібе» партнёрства для правядзення «Дня вышыванкі», а таксама ў якім фармаце пройдзе гэтае свята, пакуль не ўдалося.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары