АГП адмовілася да правядзення акцыі 14 сакавіка

video

Замест запрашэння людзей на акцыю прадпрымальнікаў АГП будзе заклікаць прыйсці на Дзень Волі.

https://www.youtube.com/watch?v=EO85pihx344&feature=youtu.be

Пра гэта лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў у каментары «Белсату».

«Мы не будзем ствараць нейкія праблемы для тых, хто зʼяўляецца заяўнікам. Для нас была абсалютна нечаканай іх рэфлексія. Калі яны лічаць, што там не мусяць быць пенсіянеры, студэнты і ўсе астатнія – бо так проста на іх лозунгі яны не прыйдуць – мы не будзем ствараць перашкоды. Сёння я ўжо гавару дакладна, мы вырашылі: мы здымем гэтую заяўку. Welcome, наперад, калі ласка! Але гэта ўжо азначае, што мы не будзем запрашаць грамадзянаў, каб яны прыйшлі на гэтую акцыю. Мы скіруемся на 25 сакавіка, на Дзень Волі. Вось туды мы будзем клікаць і хатніх гаспадынь, і студэнтаў, і айцішнікаў, і рабочых», – адзначыў Анатоль Лябедзька.

Паводле лідара АГП, яго місія – рабіць людзей шчаслівымі.

«І калі я зраблю шчаслівымі тых жа Шумчанку ці Статкевіча – калі ласка!» – дадаў Анатоль Лябедзька.

Першапачаткова акцыю прадпрымальнікаў збіраліся правесці ў Менску 14 сакавіка кандыдат на прэзідэнцтва ў 2010-м годзе Мікалай Статкевіч і лідар рэспубліканскага абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Але нечакана правесці сваю акцыю ў тым жа месцы і ў той жа час абвесціла АГП. У «Гарачым каментары» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што намер правесці дзве акцыі адначасова Менгарываканкам можа выкарыстаць як падставу для таго, каб іх не дазволіць.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары