«Адказалі за Пятачка»: дзікі ў Іраку затапталі засаду ісламістаў


Тры баевікі з «Ісламскай дзяржавы» загінулі, а пяць атрымалі раненні ў выніку атакі з боку… групы вепрукоў, піша “The Times” са спасылкай на мясцовых жыхароў на поўначы Іраку.

Своеасаблівая помста дзікоў за зняважлівае стаўленне «ваяроў прарока» да парнакапытных адбылася на поўначы Іраку, дзе «ІД» адступае пад ціскам іракцаў і курдаў, аднак яшчэ ўтрымлівае Масул – другі па велічыні горад краіны.

Распавядаюць, што ісламісты рыхтавалі засаду каля палёў прыкладна ў 100 км на паўднёвы захад ад гораду Кіркук. Жыхары ў гэтай мясцовасці арганізаваліся ў самадзейныя атрады, каб бараніцца ад ісламістаў, і баевікі планавалі напасці на іх.

«Верагодна, рух баевікоў патурбаваў статак дзікоў, якія жывуць тут у наваколлі», – сказаў шэйх Анвар аль-Асі, які ўзначальвае кланавыя атрады самаабароны.

Целы ісламістаў былі знойдзеныя групай уцекачоў, якія пакідалі зону баёў. Згодна з паведамленнем намесніка кіраўніка выведкі ўзброеных фармаванняў іракскіх курдаў Азада Джелаля, джыхадысты ў раёне адказалі на інцыдэнт стральбой па мясцовых дзіках.

У ісламе свіння лічыцца бруднай жывёлай, а свініну есці забаронена. У той жа час у Еўропе свініна зʼяўляецца традыцыйнай часткай рацыёну, а дзік, бліжэйшы сваяк хатняй свінні, лічыцца ў еўрапейскай культуры і рыцарскай геральдыцы сімвалам ваярскай мужнасці.


Герб рыцарскага роду Дэнгафаў, Герард Дэнгаф быў чашнікам ВКЛ у 1661-1666 гадах.

Дзік звычайна атакуе чалавека, калі бачыць пагрозу для сябе ці для вепратаў. Ён нясецца на праціўніка, збіваючы яго з ног, топча капытамі і бʼе ікламі прыкладна ў раён сцёгнаў. Пры гэтым пасля першай атакі дзік разварочваецца і нападае зноў, пакуль ахвяра цалкам не страціць здольнасць рухацца.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары