Адбываецца ператрус у офісе дэмсілаў у Воршы


Пра гэта паведаміў кіраўнік моладзевай суполкі «Звяз» Ігар Казмерчак.

«Прадстаўнікі розных грамадскіх структур сабраліся ў офісе па вуліцы Чырвонаармэйскай, 13, каб абмеркаваць бягучыя справы. Усяго нас каля 15-ці чалавек. Дзверы мы звычайны не зачыняем на замок, бо ня робім нічога незаконнага. Хвілін 20 таму да нас пагрукалі і зайшлі міліцыянты. Заявілі, што да іх «паступіў сігнал«, нібыта ў нас займаюцца вырабам фальшывых грошай.

Неўзабаве пад’ехалі людзі ў цывільным, са Следчага камітэту. На дадзены момант пайшлі па вуліцы – а гэта прыватны сектар – каб шукаць панятых. Хаця пастановы на ператрус нам ніхто не прадявіў», – заяўляе Казмерчак у размове з радыё «Свабода».

Паводле актывіста, службоўцы спачатку патлумачылі, што хочуць толькі апытаць усіх прысутных. Аднак яшчэ праз колькі хвілінаў прывезлі пастанову на ператрус, які мае неўзабаве пачацца.

Казмярчак звязвае нечаканы візіт з тым, што 12-га сакавіка ў Воршы плануецца «Марш недармаедаў». Мясцовыя журналісты пішуць, што жыхары Аршаншчыны прысутнічалі на Маршах недармаедаў у Менску, Магілёве і Віцебску.

Orsha.eu піша, што акцыю 12-га наведаюць не толькі мясцовыя, але таксама жыхары Талачына, Коханава і Дуброўны.

  • 5 сакавіка Ігара Казмерчака падчас праходжання мяжы (актывіст вяртаўся ў Беларусь пасля тыднёвай працоўнай паездкі ў Польшчу) абшукалі беларускія памежнікі. Радыё «Рацыя» падае, што памежнікі адмыслова шукалі ў аўтобусе менавіта Казмерчака і спачатку перагледзелі ўсе асабістыя рэчы журналіста, а затым павялі яго на асабісты дагляд.

ДД

Стужка навінаў