Ад пачатку Еўрамайдану мінула два гады

video

Два гады таму распачаўся Еўрамайдан, які прывёў да пераломных падзеяў ва Украіне.

«Вольныя ствараюць будучыню». Менавіта пад такім дэвізам сёння ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і волі, заснаваны ў памяць пра трагічныя падзеі на Майдане Незалежнасці ў Кіеве два гады таму. За новую Украіну, паводле розных ацэнак, загінулі ад 100 да 700 грамадзянаў, у тым ліку і двое беларусаў.

Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Героя Нябеснай сотні Міхась Жызнеўскі загінуў ад паляўнічай кулі летась 22-га студзеня. Родныя яшчэ аднаго беларуса – Сяргея Бараноўскага толькі чакаюць ушанавання ягонай памяці. Ягоным Імем назавуць вуліцу ў паселішчы Чарлэніўка, Чарнавіцкай вобласці, дзе ён жыў з 1991 года. Букавінскія ўлады таксама просяць прэзідэнта Парашэнку пасмяротна адзначыць героя дзяржаўнай узнагародай.

«Я падрыхтаваў зварот аб узнагароджанні ордэнам Героя Нябеснай сотні грамадзяніна Беларусі, жыхара вёскі Чарлэніўка Наваселіцкага раёну Чарнавіцкай вобласці, актыўнага ўдзельніка Еўрамайдану ў Кіеве Бараноўскага Сяргея Васільевіча», – кажа старшыня Чарнавіцкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Фышчук.

Глядзіце наш відэасюжэт (вышэй), у якім вы даведаецеся меркаванні бацькоў Міхаіла Жызнеўскага.

Таксама прапануем вам узгадаць, як разгортваліся падзеі на Майдане два гады таму.

Хроніка Еўрамайдану

У канцы лістапада 2013 года адмова ўкраінскіх уладаў ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам стала прычынай пачатку самых масавых прастэстаў за ўсю суверэнную гісторыю паўднёвай суседкі Беларусі. Пагадненне мела быць падпісанае на віленскім саміце Усходняга партнёрства 28-29 лістапада, але 21 лістапада 2013 года Кабінет міністраў прыняў рашэнне спыніць падрыхтоўку да падпісання пагаднення.

На Майдане Незалежнасці актывісты ўсталявалі намёты і знаходзіліся на плошчы цэлыя содні. У ноч на 30 лістапада 2013 года спецназаўцы «Беркуту» пабілі дзясяткі пратэстоўцаў, пераважна моладзь, пасля чаго на вуліцы ўкраінскіх гарадоў выйшлі сотні тысячаў грамадзянаў.

Акцыі пратэсту, якія цягнуліся ад канца лістапада да канца лютага 2014 года, атрымалі назву Еўрамайдан, Майдан, а пасля – Рэвалюцыя Годнасці.

У выніку тагачасны прэзідэнт Віктар Януковіч у лютым, пасля масавага расстрэлу бяззбройных грмадзянаў у цэнтры Кіева, уцёк у Расею.

Уладу прыняла Вярхоўная Рада Украіны, якая прызначыла на 25 траўня выбары прэзідэнта Украіны. Перамогу на выбарах атрымаў Пятро Парашэнка, які 27 чэрвеня 2014 года падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ у поўным аб’ёме.

НМ, belsat.eu, паводле УНІАН

Глядзі таксама
Каментары