Ад мора да мора. Польскі прэзідэнт абяцае новы дзяржаўны блок


Гэтае салодкае слова «інаўгурацыя». Сёння Анджэй Дуда, пераможца на выбарах прэзідэнта Польшчы, склаў прысягу перад Сеймам ды Сенатам, ды цяпер па праву займае прэзідэнцкі палац у гістарычным цэнтры Варшавы.

Змена ўлады ў Польшчы чарговы раз прайшла спакойна. Спачатку з палякамі развітаўся папярэдні прэзідэнт Браніслаў Камароўскі, прадстаўнік партыі «Грамадзянская платформа».

БРАНІСЛАЎ КАМАРОЎСКІ, ЭКС-ПРЭЗІДЭНТ ПОЛЬШЧЫ:

«Выконваючы прэзідэнцкія абавязкі, я стараўся ісці шляхам згоды, дыялогу і кампрамісу. Усім, хто хацеў асіліць той жа шлях, яшчэ раз ад усяго сэрца дзякую».

А потым Анджэй Дуда, малады юрыст з апазіцыйнай партыі «Закон і справядлівасць», паабяцаў Польшчы новы шлях. Прынамсі польская рэгіянальная палітыка можа змяніцца, у тым ліку, каб гарантаваць мір і бяспеку.

АНДЖЭЙ ДУДА, ПРЭЗІДЭНТ ПОЛЬШЧЫ:

«У польскай замежнай палітыцы не трэба рабіць рэвалюцыі, бо замежная палітыка рэвалюцыі не любіць. Але сёння яна патрабуе карэкцыі. Гэта рост актыўнасці, гэта прадстаўленне нашых мэтаў ды памкненняў, нашага пункту гледжання. Спакойна, але рашуча і адназначна».

Новы прэзідэнт Польшчы гатовы пабудаваць новы палітычны блок з суседнімі краінамі ад мора да мора. Балтыйска-чарнаморскае партнёрства, паводле Дуды, пакуль на стадыі праекту. Польшча, Літва, Украіна ды Румынія могуць аб’яднацца дзеля эканамічных ды палітычных інтарэсаў. Але ў абыход Беларусі.

МІХАЛ ПАТОЦКІ, МІЖНАРОДНЫ АГЛЯДАЛЬНІК «GAZETA PRAWNA.PL»:

«У нас агульныя інтарэсы, як у Літвы, у Польшчы, ва Украіны. Тут няма пытанняў. Але пакуль там кіруе Аляксандр Лукашэнка, думаю, для Беларусі месца ў гэтым праекце няма».

Але ёсць дзве даўнія праблемы ў беларуска-польскіх адносінах, асабліва важныя для Варшавы. Гэта Саюз палякаў Беларусі, які беларускія сілавікі паспрабавалі ўзяць пад свой кантроль, ужываючы рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці. Ды «Катынскі спіс» – архіўная інфармацыя аб польскіх афіцэрах, расстраляных на тэрыторыі БССР пасля падзелу Польшчы Сталіным і Гітлерам. Афіцыйны Менск кажа, што ў нас тых архіваў няма, але намякае на гатовасць пашукаць.

МІХАЛ ПАТОЦКІ, МІЖНАРОДНЫ АГЛЯДАЛЬНІК «GAZETA PRAWNA.PL»:

«Можна чакаць ад Анджэя Дуды, што ён будзе спрабаваць вырашаць спрэчныя пытанні польска-беларускія. Можа быць, не на ўзроўні прэзідэнтаў, бо гэта было б занадта. Але на ўзроўні міністраў сваёй канцылярыі – так».

Таксама Анджэй Дуда прапанаваў стварыць адмысловы інстытут, які будзе змагацца за гістарычную праўду ў стасунках з суседзямі ды абараняць добрае імя Польшчы ў свеце.

Варта памятаць, што ў Польшчы прэзідэнт – не кіраўнік усяго і ўсіх, а галоўны прадстаўнік выканаўчай улады. Прэзідэнт адказвае за міжнародныя стасункі ды камандуе ўзброенымі сіламі. Галоўнай палітычнай сілай застаецца парламент – польскі Сейм.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», Варшава

Стужка навінаў