Ад Менску да Мексікі. Самыя вядомыя таемныя забойствы, арганізаваныя савецкімі спецслужбамі


Аперацыя супраць Скрыпалёў у Вялікай Брытаніі – далёка не першае пазасудовае забойства, якое было арганізаванае сакрэтнымі службамі Масквы. Прапануем Вашай увазе агляд ТОП-5 аналагічных «спецыяльных мерапрыемстваў» камуністычных агентаў.

Забойства генерала-эмігранта

26 студзеня 1930 года былы знакаміты камандзір расейскіх белагвардзейцаў генерал Аляксандр Куцепаў выйшаў са сваёй кватэры ў Парыжы і пайшоў у царкву. Генерал узначальваў самую вялікую і баяздольную арганізацыю эмігрантаў – Расейскі агульнавайсковы хаўрус (РОВС).

На рагу вуліцаў Руселе і Удзіно стаялі два аўтамабілі. Тут жа знаходзіліся двое мужчын крэпкага целаскладу і паліцэйскі.

Калі Куцепаў праходзіў міма, невядомыя яго аклікнулі. Куцепаў спыніўся, пасля чаго яго схапілі, штурханулі ў аўтамабіль. Больш генерала не бачыў ніхто, акрамя забойцаў. Па адной з версіяў, агенты камуністычнай Масквы забілі яго на месцы, пасля чаго схавалі цела. Па другой, яго хацелі вывесці ў СССР, аднак падчас адчайнай барацьбы ў аўтамабілі былі вымушаныя яго забіць.

Сяргей Пузіцкі будзе растраляны ў 1937 годзе сваймі ж калегамі. Рэабілітаваны ў 1956 годзе

Вядомыя імёны кіраўнікоў тэрарыстычнага акту – гэта кадравыя супрацоўнікі ОГПУ (Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне, будучае НКВД) Якаў Серабранскі і Сяргей Пузіцкі.

Забойства нацыяналіста

У 1938 годзе ў галандскім Ротэрдаме быў забіты іншы вораг СССР – кіраўнік Украінскай вайсковай арганізацыі (баявога крыла ўкраінскіх нацыяналістаў) Яўген Канавалец. Яму падклалі міну, якая была замаскаваная пад скрынку з шакаладнымі цукеркамі.

Выканаўцам быў супрацоўнік НКВД Павал Судаплатаў, арганізатар і ўдзельнік многіх наступных тэрарыстычных актаў і дыверсіяў гэтай спецслужбы. Па ўспамінах Судаплатава, прапанаваў забіць Канавальца сам Іосіф Сталін. Судаплатаў пэўны час уваходзіў у давер да Канавальца, выдаваў сябе за украінца-эмігранта.

Агляд паліцэйскімі месца смерці Яўгена Канавальца. Крыніца wikipedia.org

«Я перадаў яму падарунак, скрынку шакаладных цукерак, і сказаў, што мне зараз трэба вяртацца на карабель… Мы паціснулі адзін адному рукі, і я выйшаў, стрымліваючы сваё інстынктыўнае жаданне адразу кінуцца ўцякаць», – згадваў потым Судаплатаў.

Выбух, які забіў Канавальца, таксама параніў двух выпадковых людзей і ўзмацніў антысавецкія настроі сярод украінскіх нацыяналістаў. Апошнія самі былі тады ўжо не цураліся тэрарыстычнай дзейнасці – у 1934 годзе ў Варшаве імі быў забіты міністр унутраных спраў Польшчы Браніслаў Перацкі.

Павукі ў слоіку

Леў Троцкі падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі кіраваў сотнямі тысячаў чырвонаармейцаў, займаў вышэйшыя пасады ў маскоўскім камуністычным кіраўніцтве і ў 1920-я гады лічыўся адным з магчымых спадкаемцаў Уладзімера Леніна. Аднак у вострай унутранай палітычнай барацьбе ён прайграў Іосіфу Сталіну, і ў 1932 годзе быў вымушаны эміграваць.

З-за сваёй адмоўнай славы як агітатара за сусветную рэвалюцыю, а таксама з-за ціску савецкай дыпламатыі і спецслужбаў ён быў вымушаны пакінуць спачатку Францыю, а потым Нарвегію, у выніку знайшоўшы сабе прытулак у 1936 годзе ў Мексіцы.

Троцкі на фронце, 1919 год

У 1937-1938 гадах загінулі цэлы шэраг паплечнікаў Троцкага, у тым ліку памёр сын. З гэтага часу за самім Троцкім палююць ажно дзве аўтаномныя групы агентаў НКВД. Першая спроба забойства адбылася 24 траўня 1940 года ў стылі мафіі – маскоўскія агенты ўварваліся ў дом палітыка і каля 15 хвілін расстрэльвалі ягоную спальню з аўтаматычнай зброі. Аднак у выніку быў паранены толькі 14-гадовы ўнук Троцкага.

Паспяховы замах адбыўся 20 жніўня – агент НКВД Рамон Меркадэр, які яшчэ ў 1938 годзе змог інфільтравацца ў колы блізкія да Троцкага, ударыў таго па патыліцы ледарубам. Троцкі памёр на наступны дзень, а Меркадэр быў асуджаны на 20 год зняволення. Меркадэр быў вызвалены ў 1960 годзе, быў таемна дастаўлены ў СССР пасля вызвалення і ў гэтым жа годзе атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Менск і тэатр – пры адной акупацыі

22 чэрвеня 1943 года ў 18 гадзін у Менскім гарадскім тэатры (зараз – тэатр імя Янкі Купалы) сотні людзей сабраліся паглядзець камедыю Францішка Аляхновіча «Пан міністр». У гэты ж дзень урачыста абвяшчалася стварэнне новай беларускай арганізацыі – Саюза Беларуская Моладзі.

У тэатры чакалі кіраўніка цывільнай акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі – Вільгельма Кубэ, таму савецкія агенты з «групы Кузьміча», якая знаходзілася пад кантролем Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, заклалі міну з часавым механізмам пад сцэну тэатра.

Мінскі гарадскі тэатр увесну 1944 года зноў пачаў працаваць. Фота tildacdn.com

Аднак усе афіцыйныя мерапрыемствы ў тэатры закончыліся раней, у выніку чаго ад выбуху, які прагрымеў каля 18.30, не пацярпеў аніводны нямецкі акупант. 25 чэрвеня 1943 года ўрачыста былі пахаваныя 10 забітых беларусаў, у тым ліку сын паэткі Наталлі Арсенневай. На пахаванні ахвяр прысутнічаў Кубэ.

У савецкай прапагандзе выбух назвалі правакацыяй саміх немцаў, аднак дакументы часоў вайны з камуністычных архіваў ужо ў 1990-я гады паказалі, хто быў сапраўдным арганізатарам тэрарыстычнага акту.

Менск і тэатр – пры Саветах

З канца 1946 года савецкія спецслужбы пачалі фабрыкаваць «сіянісцкую змову», якая быццам бы скіраваная супраць Сталіна і ягой сямʼі. У 1947 годзе пачынаюцца арышты ў сувязі з гэтай «змовай», і ў канцы 1947 года з дапамогай сістэматычных катаванняў следчыя дзяржаўнай бяспекі атрымалі ад арыштаваных «паказанні» на Саламона Міхоэлса – сусветна вядомага тэатральнага рэжысёра і дзеяча жыдоўскіх грамадскіх арганізацыяў.

Вуліца Беларуская ў 1950-я годы. Тут на вуглу з вуліцай Ульянаўскай чэкісты выкінулі целы Міхоэлса і Голубава. Крыніца – minsk-old-new.com

Пазней міністр дзяржаўнай бяспекі (МГБ) СССР Віктар Абакумаў і ягоны намеснік Сяргей Агальцоў сведчылі, што Сталін загадаў ім таемна забіць Міхоэлса, каб не выклікаць розгаласу ў свеце. У Менску была інсцэніраваная аўтакатастрофа. Кіраўніком забойства быў сам Агальцоў, непасрэднымі выканаўцамі – афіцэры МГБ. У аперацыі па незаконным забойстве бяззбройнага чалавека ўдзельнічаў і галоўны чэкіст БССР – Лаўрэнцій Цанава.

Міхоэлса і ягонага знаёмага Уладзімера Голубава схапілі позна вечарам 12 студзеня 1948 года і раздушылі грузавіком на дачы Цанавы. Потым целы адвезлі назад у Менск і кінулі на вуліцы, імітуючы ДТЗ.

Удзельнікі забойства атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды: Цанаве далі адзін з вышэйшых ордэнаў СССР – ордэн Чырвонага Сцяга, афіцэрам МГБ уручылі ордэны Айчыннай Вайны (!) 1 ступені і ордэны Чырвонай Зоркі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў