Абвінавачаныя ў забойстве Нямцова просяць пра суд прысяжных


Адзін з абвінавачаных у забойстве Нямцова – Заур Дадаеў. Фота zn.ua

Абвінавачаныя ў забойстве расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова просяць, каб іх справу разглядаў суд прысяжных, паведаміла ТАСС адвакат Тамерлана Эскерханава – аднаго з арыштаваных па справе.

«Вядома, мы папросім пра суд прысяжных, пра што будзе пададзена адпаведнае хадайніцтва», – сказала абаронца.

У аўторак Следчы камітэт Расеі прадʼявіў чатыром фігурантам справы канчатковае абвінавачванне па справе аб забойстве Нямцова. Зауру Дадаеву, Шадыду Губашаву, Хамзату Бахаеву і Тамерлану Эскерханаву прадʼяўлена абвінавачанне ў забойстве, учыненым групай асоб паводле папярэдняй змовы з карыслівых меркаванняў або з найму.

Адвакат яшчэ аднаго фігуранта справы – Анзора Губашава – знаходзіцца ў камандзіроўцы, таму абвінавачванне яго падабароннаму будзе прадʼяўлена пазней.

Аб судзе прысяжных просіць і былы вайсковец батальёна «Поўнач» Заур Дадаеў, якога следства лічыць непасрэдным выканаўцам забойства. Як чакаецца, пра гэта папросяць і іншыя абвінавачаныя.

Расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў быў застрэлены ў ноч з 27 на 28 лютага ў цэнтры Масквы. Па падазрэнні ў забойстве палітыка арыштаваныя пяцёра, яшчэ адзін чалавек – калега Дадаева Руслан Мухудзінаў, якому следчыя адводзяць ролю арганізатара і заказчыка злачынства – арыштаваны завочна і абвешчаны ў міжнародны вышук.

Адвакат пацярпелых Вадзім Прохараў лічыць, што следства перабольшвае ролю Мухудзінава ў арганізацыі забойства: на яго думку, «заказчыкі – высокапастаўленыя людзі».

У кастрычніку 2015 Басманны суд Масквы адмовіў у выкліку на допыт кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава па справе аб забойстве Барыса Нямцова.

На допыце Кадырава настойвалі прадстаўнікі дачкі нябожчыка, Жанны Нямцова, якія даводзілі, што галоўны абвінавачваны ў забойстве Нямцова Заур Дадаеў быў асабіста знаёмы з лідарам Чачэніі ды іншымі кіраўнікамі рэспублікі.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары