Абураныя жыхары Серабранкі мітынгуюць супраць новага Генплану Менску


Скарэктаваны Генплан Менску зноў выклікаў абурэнне грамадзянаў. Гэтым разам – жыхароў мікрараёну Серабранка.

На месцы зялёнай зоны ля жылога дому па вул. Малініна ў Менску зарганізавалі будоўлю гандлёвага абʼекту. Мясцовыя жыхары, дазволу ў якіх нават не запыталі, зладзілі стыхійны мітынг.

Пра будоўлю жыхары даведаліся ў суботу, калі пляцоўку абнеслі плотам і прывезлі на яе бытоўкі. Праз скаргі ў міліцыю працу прыпынілі, бо ў забудоўніка адсутнічаў пашпарт абʼекту. Аднак ужо сёння будаўніцтва аднавілася.

«Ванда Уладзіміраўна была на прыёме ў адміністрацыі Ленінскага раёну, ёй паабяцалі прыпыніць будоўлю і правесці абмеркаванне з жыхарамі, якога не было. Тым не менш, сёння раніцай мы пачулі гук пілаў. Аказалася – два дрэвы ўжо спілаваныя», – распавядае Галіна Марчанка, мясцовая жыхарка.

 

Дазвол на будаўніцтва даў Гарвыканкам. Згодна з Генпланам Менску, гэтую зямлю аднеслі да спісу гэтак званых перспектыўных пляцовак, якія могуць у тым ліку выстаўляцца на аўкцыён. Пазалетась у лютым яе набылі пад будаўніцтва крамы.

«Гарвыканкамам быў вызначаны пералік участкаў для аўкцыёну. Гэта не віна інвестара, што гэтыя ўчасткі былі пададзеныя ў гэтым пераліку, і былі пададзеныя для ягонага разгляду», – тлумачыць Андрэй Бандарэнка, намеснік старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну Менску.

Аднак у чым перспектыўнасць выдзелу і навошта пазбаўляць людзей зялёнай зоны, жыхарам не патлумачылі. Шмат гадоў яны дамагаліся, каб тут зрабілі дзіцячую пляцоўку, аднак бясплённа.

«Зараз дзіцё падрастае, і яму няма куды будзе выйсці. Гэта адзіная пляцоўка ля дому. Калі пабудуюць краму, дзе ён будзе гуляцца?», – абураецца мужчына.

«Побач крама «Надзея», праз дарогу – рынак. Усё ёсць. Няма такой неабходнасці ў гандлёвых пунктах», – мяркуе мясцовая пенсіянерка.

«Усе жыхары супраць! У нас аднапалосная дарога, не праехаць. Плюс пачнуць ездзіць грузавыя машыны раніцай, будзе разгрузка і шум пад вокнамі», – упэўнены жыхар суседняга дому.

Дзеля ж захавання зялёнай зоны мясцовыя жыхары гатовыя пазмагацца. Цяпер яны збіраюць подпісы супраць будаўніцтва і чакаюць чарговага прыёму ў кіраўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёну.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Стужка навінаў