У Магілёве актывіста аштрафавалі за параднікі для назіральнікаў


Магілёўскі суд аштрафаваў Юрыя Новікава, абласнога каардынатара кампаніі “За справядлівыя выбары” – за распаўсюд выданняў без выходных звестак.

Працаўнікі ДАІ спынілі ды дагледзелі аўтамабіль Новікава ў абласным цэнтры яшчэ 23 жніўня – як сцвярджаюць, падчас звычайнай праверкі. Міліцыянты сканфіскавалі брашуры “Метадычныя рэкамендацыі для назіральнікаў” (293 асобнікі) і “Рабочы сшытак назіральніка” (291 асобнік), інфармацыйны бюлетэнь кампаніі “За справядлівыя выбары” (905 асобнікаў).

На судзе Новікаў адзначыў, што гэтыя друкаваныя выданні не ёсць сродкам масавай інфармацыі, выпушчаныя адмыслова да выбараў і прадугледжаныя выключна для вузкай групы асобаў – назіральнікаў на выбарчых участках.

Аднак суддзя Аксана Ратнікава палічыла Новікава вінаватым і аштрафавала яго на 40 базавых велічыняў. Сканфіскаваную друкаваную прадукцыю знішчаць.

Новікаў назваў рашэнне суда “поўным бяспраўем”. “Назіральнікам нават нельга карыстацца іменнымі сшыткамі, дзе яны павінныя запісаць свае прозвішчы ды імёны. Як гэта сшытак можа быць сродкам масавай інфармацыі? Значыць, і сшытак школьніка – гэта таксама сродак масавай інфармацыі”, – абурыўся каардынатар кампаніі. Ён мае намер абскардзіць прысуд у вышэйшай судовай інстанцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў