Калі пройдуць дэбаты паміж кандыдатамі ў парламентарыі?


Адзінага раскладу тэле- і радыёспрэчак дагэтуль няма.

28 жніўня сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік адрапартаваў, што большасць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад дэбатаў адмовілася.

Менск

У першых тэледэбатах удзельнічалі чатыры кандыдаты, якія балатуюцца ў Аўтазаводскай выбарчай акрузе № 92: генерал Валерый Фралоў (БСДП “Народная Грамада”), Павел Рачалоўскі (Ліберальна-дэмакратычная партыя), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Сяргей Дудкін (прафкам МАЗ).

Учора сарваўся запіс размовы паміж старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і кандыдатам у дэпутаты і дзейным дэпутатам Мікалаем Самасейкам.

Намеснік старшыні “Белтэлерадыёкампаніі” Марат Маркаў паведаміў, што гэта звязана з новым праграмным забеспячэннем, распрацаваным адмыслова для дэбатаў, і паведаміў, што аптымізацыя зойме дзень-два.



Берасце

Ніякай інфармацыі ў тэлерадыёкампаніі “Брэст” атрымаць не ўдалося. Паводле нашых звестак, да запісу рыхтуюцца кандыдаты па Лунінецкай выбарчай акрузе № 13: незалежны кандыдат Віталь Каратыш і Аляксандр Гарасюк (Партыя БНФ).

Гомель



Сайт тэлерадыёкампаніі “Гомель” – адзіны сярод рэгіянальных – паведамляе, што адказнаю за дэбаты прызначылі Вольгу Канавалаву. Аднак раскладу яна не ведае: “Спачатку запішам, а потым ужо вызначым, калі трансляцыя. Дакладна сказаць нічога не магу, сачыце за нашым сайтам”.

Горадня

Гарадзенская вобласць вылучылася ідэалагічнай правільнасцю. “У нас дэбатаў не будзе”, – адрэзалі ў прыёмнай тэлерадыёкампаніі “Гродна”. “Няўжо ніхто не захацеў?” – сціпла пацікавіліся мы. – “Не!”

Віцебск

Тэледэбаты запланаваныя па васьмі выбарчых акругах: Віцебскай-Горкаўскай № 17, Віцебскай-Чкалаўскай № 18, Віцебскай-Чыгуначнай № 19, Віцебскай-Кастрычніцкай № 20, Віцебскай сельскай № 21, Наваполацкай № 25, Аршанскай гарадской № 26 і Полацкай гарадской № 28. Колькасць удзельнікаў дэбатаў па выбарчых акругах складзе ад двух да чатырох чалавек.

Трансляцыя

З 5 да 10 верасня з 19.00 да 20.00.



Магілёў

Паспрачацца на тэлеэкране або па радыё пажадалі кандыдаты ў дэпутаты з чатырох выбарчых акругаў: Шклоўскай № 90, Магілёўскай-Цэнтральнай № 85, Магілёўскай-Ленінскай № 84, Магілёўскай-Прамысловай № 87. Запланаваныя чатыры і тры запісы адпаведна.

Трансляцыя

4 верасня а 18.00 на Першым канале Беларускага радыё – Шклоўская выбарчая акруга № 90. Удзельнічаюць: Зінаіда Мілешчанка (Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”) і Рыгор Кастусёў (Партыя БНФ).

5 верасня а 19.00 на тэлеканале “Беларусь-2” – Магілёўская-Прамысловая акруга № 87. Удзельнічаюць: Барыс Алешка (Ліберальна-дэмакратычная партыя), Аксана Закрэўская (беспартыйная), Аляксандр Страх (Партыя БНФ), Уладзімір Шанцаў (Аб’яднаная грамадзянская партыя).

belsat.eu

Стужка навінаў