Грамадзяне просяць Лукашэнку, каб ён замяніў Сукалу на Васілевіча


“…Валянцін Сукала праяўляе пагарду, ператварыў суд у закрытую структуру, а незалежнасць судовай сістэмы выкарыстоўвае для прыкрыцця судовых памылак…”

33 прадстаўнікі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з прапановай адправіць у адстаўку цяперашняга старшыню Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалу і прызначыць на гэтую пасаду “доктара юрыдычных навук, прафесара Рыгора Васілевіча, які займаў у свой час высокія пасады ў нашай дзяржаве”.

Пра гэта гаворыцца ў звароце, накіраваным 1 жніўня на імя Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары дакументу зазначаюць, што яны не належаць ні да якога палітычнага лагеру, не вядуць барацьбы за ўладу, а толькі жадаюць аднавіць свае парушаныя правы. “Аднак мы на ўласным досведзе пераканаліся, што ў нашай краіне гэта зрабіць немагчыма з-за процідзеяння чыноўнікаў, у тым ліку – высокага рангу, як Валянцін Сукала. Ён узначальвае судовую сістэму краіны з 1997 г., гэта значыць датычны да яе дасягненняў і недахопаў. На жаль, мы і нашы блізкія на сабе выпрабавалі ды працягваем выпрабоўваць ўсе адмоўныя бакі айчыннага суда…” – цытуе зварот сайт Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Аўтары дакументу лічаць, што сваймі ведамі, досведам і адкрытасцю асоба Рыгора Васілевіча адпавядае гэтай важнай і адказнай пасадзе.

Зварот давялося дасылаць поштаю, бо загадчык прыёмнай адміністрацыі кіраўніка дзяржавы Ігар Ламаносаў прыняць яго катэгарычна адмовіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў