У Воршы міліцыянтам не ўдалося засудзіць актывістку


У Аршанскім гарадскім судзе сёння разглядалася адміністрацыйная справа супраць актывісткі кампаніі “Наш дом” Яны Ляснеўскай.

Яе затрымалі 12 ліпеня ў Віцебску і звінавацілі ў распаўсюдзе твораў, якія прапагандуюць культ гвалту і жорсткасці.

Падчас слухання абвесцілі перапынак, бо падсудная запатрабавала адваката з Менску, з якім у яе падпісаная дамова. Пасля 16-й гадзіны суддзя Іна Кохава вынесла рашэнне: адмовіць у пазове, бо прайшоў тэрмін даўніны з часу здзяйснення правапарушэння.

Раней прасілі прабачэння

Яшчэ ў лютым падчас ператрусу ў Ляснеўскай знайшлі дзіцячую размалёўку “Мой тата міліцыянт. Што ён робіць на працы?”

Тады праваахоўнікі шукалі друкаваныя матэрыялы пра парушэнні імі заканадаўства і пра нізкі ўзровень культуры, якія кампанія “Наш дом” рассылала ў Аршанскі гарадскі ды раённы аддзелы міліцыі. Як вынік, выканаўцы ператрусу нічога не знайшлі ды нават папрасілі прабачэння ў актывісткі, аднак 12 ліпеня Ляснеўскую усё ж затрымалі.

Прафілактычнае запалохванне

Грамадскі актывіст Ігар Казмерчак лічыць, што ў Воршы міліцыя праводзіць прафілактычнае запалохванне апазіцыі ды грамадскіх дзеячаў. Ён прасачыў тэндэнцыю, што па ўсёй краіне справы апазіцыі перадалі ў рукі аддзелу барацьбы з парнаграфіяй ды наркотыкамі. «Гэты аддзел вельмі блізкі да КДБ, і ім лягчэй дамовіцца», – падкрэсліў Казмерчак.

belsat.eu

Стужка навінаў