Ці вызваляць журналіста Антона Сурапіна?


Бацькі перакананыя, што сын ні ў чым не вінаваты і пакутуе за сваю працу.

Увечары 30 ліпеня маці ды бацька Антона Сурапіна, не дачакаўшыся вызвалення сына з СІЗА КДБ, вярнуліся з Менску ў Слуцк. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў да панядзелка разабрацца ў справе перасячэння мяжы шведскім самалётам, таму бацькі Антона меркавалі, што сёння шчасліва вырашыцца ягоны лёс. Сваякі далей спадзяюцца на хуткае вызваленне затрыманага. “Калі яго вызваляць, адвакатка пра гэта даведаецца першая. Калі гэта адбудзецца сёння, мы развернемся з дарогі ды прыедзем у Менск”, – паведаміла Алена Сурапіна.{movie}Алена Сурапіна пра сына|right|5584{/movie}

Сёння бацька і маці фатографа сустрэліся з ягонаю адвакаткаю. Абаронца не мае права выдаваць матэрыялы следства, але апавяла, што Антон пачуваецца нармальна, таксама чакае хуткага вызвалення. На пытанне, ці выставілі абвінавачанне, адвакатка адказала няўцямна. Маці Антона лічыць, што калі сына не вызвалілі з-пад варты, значыць, абвінавачанне ўсё ж выставілі. Яна падкрэсліла, што ейны сын цярпіць ні за што, бо фактычна затрыманы за сваю працу. “Міністры хацелі схаваць факты пра шведаў, а тут адбылося абнародаванне, адсюль пераслед”, – мяркуе бацька затрыманага Андрэй Сурапін.{movie}Андрэй Сурапін пра сына|right|5585{/movie}

Сурапіна затрымалі працаўнікі КДБ 13 ліпеня паводле справы аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ першы выклаў на сваім сайце bnp.by фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў.

У гэтай справе арыштаваны Сяргей Башарымаў, які здае кватэры на кароткі тэрмін і ў якога шведы – удзельнікі акцыі маглі або планавалі здымаць жыллё. Затрымлівалі таксама сяброўку Башарымава Ірыну Лагойку, якая содні правяла ў СІЗА КДБ.

З 16-гадоваю жыхаркаю Івянца Кацярынаю Скурат, якая магла выслаць здымкі мядзведзікаў Сурапіну, КДБ правяло “прафілактычную гутарку”.

belsat.eu

Стужка навінаў