Расейскі НАК абураецца, што Лукашэнку не пусцілі на Алімпіяду


Аляксандр Рыгоравіч даўно ведаў, што яго не пусцяць у Лондан.

«Прэзідэнту НАК Беларусі А. Лукашэнку аргкамітэт алімпіяды ў Лондане не даў акрэдытацыі. Спорт – па-за палітыкаю?» Такое паведамленне з’явілася 24 ліпеня на старонцы ў «Twitter» першага віцэ-спікера Дзяржаўнай Думы Расеі, прэзідэнта Алімпійскага камітэту РФ Аляксандра Жукава.

Алімпіяда ў Лондане пройдзе з 27 ліпеня да 12 жніўня. У чэрвені брытанскія медыі, у прыватнасці «The Guardian», паведамілі, што на адкрыццё Гульняў прыбудзе рэкордная колькасць кіраўнікоў дзяржаваў – каля 120, але не прыедуць «лідары з чорнага спісу ЕЗ», у тым ліку Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік наведваў летнія Алімпійскія гульні 2008 г. у Пекіне і зімовыя Алімпійскія гульні 1998 г. у Нагана. Сёлета 12 ліпеня на адкрыцці міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Лукашэнка заявіў: «Алімпіяда вельмі адстае ад нашага «Базару». Яна палітызаваная, там вельмі шмат праблемаў, а «Славянскі базар» – гэта выспачка вальнадумства, незалежнасці, і ў нашага «Славянскага базару» шмат чаму можна навучыцца».

belsat.eu

Стужка навінаў