Што Мартынаў павёз у Брусель?


Прысутнасць міністра замежных справаў Беларусі ў сталіцы Еўразвязу лішні раз дала мажлівасць нагадаць афіцыйнаму Менску пра вызваленне палітвязняў.

Яшчэ раз – пра палітвязняў

“Мы зноў заявілі пра неабходнасць неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, спыніць любыя рэпрэсіі ў краіне і правесці сумленныя і адкрытыя парламенцкія выбары ў верасні, – адзначыла вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў вонкавай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў ЕЗ і “Усходняга партнёрства” 23 ліпеня. – Нашае пасланне Беларусі было вельмі яснае і выразнае: няма месца палітзняволеным у сэрцы Еўропы”.

У той жа час, адзначыла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі, Еўразвяз захоўвае палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю. “Усходняе партнёрства” ёсць важнаю платформаю для прасоўвання Беларусі да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Мы гатовыя паглыбіць нашую супрацу, як толькі палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца”, – сказала яна.{movie}Карбалевіч пра візіт Мартынава ў Брусэль|left|5491{/movie}

Беларусь хоча развіваць энергетыку і транспарт

Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, са свайго боку, прадказальна заявіў на сустрэчы пра “дыскрымінацыйныя падыходы” ў рэалізацыі праграмы Еўразвязу “Усходняе партнёрства” і заклікаў “пераадолець дэфіцыт дэмакратыі ўнутры самой ініцыятывы”. Ягоныя словы цытуе прэс-служба беларускага МЗС.

Беларусь таксама ўнесла пэўныя прапановы для супрацы ў межах “Усходняга партнёрства” ў галіне энергетыкі ды транспарту, якія “здольныя надаць праектнай дзейнасці гэтай рэгіянальнай ініцыятывы новы імпульс”.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі распрацаваную Еўразвязам “дарожную карту” “Усходняга партнёрства”, а таксама далейшае развіццё ініцыятывы на перыяд да наступнага саміту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і кіраўнікоў урадаў, які адбудзецца ўвосень 2013 г. у Вільні.

Мартынаў сустрэўся з кіраўніцтвам Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў, Еўрапейскай камісіі, міністэрстваў замежных справаў краінаў – чальцоў ЕЗ.

Паехаў гандлявацца?

Палітолаг Валер Карбалевіч заўважае, што накіраванне Менскам у Брусель чыноўніка першага рангу сведчыць пра зацікаўленасць у аднаўленні стасункаў з Еўропаю: “Я не выключаю нават, што беларускі бок вязе нейкую прапанову, каб гэтае напружанне ў дачыненнях зняць. Беларускі бок гатовы гандлявацца, за вызваленне некалькіх палітвязняў атрымаць нешта адпаведнае ад Еўрапейскага Звязу – то бок, пытанне кошту”.

belsat.eu

Стужка навінаў