У Гомлі дзяржаўная газета прадаецца кандыдатам за Br 3 млн


Газета «Гомельскія ведамасці» прапаноўвае кандыдатам на дэпутацтва набываць яе плошчы для друкавання перадвыбарчых праграмаў, інтэрв’ю ды іншых агітацыйных матэрыялаў. За свае паслугі дзяржаўнае выданне просіць Br 3 млн (Br 6 тыс. за квадратны сантыметр).

Любы капрыз за вашыя грошы

Сёлетнія выбары ў гісторыі Беларусі першыя, калі кандыдаты на дэпутацтва могуць купляць эфірны час на радыё і тэлебачанні, а таксама газетныя плошчы для сваёй агітацыі. Дагэтуль такім правам мелі магчымасць скарыстацца толькі кандыдаты на прэзідэнцтва. Гэта неблагі шанец для кандыдатаў зрабіць сабе рэкламу, а для медыяў – зарабіць.

Першаю ластаўкай у пагоні за кандыдацкім золатам зрабілася дзяржаўная газета «Гомельскія ведамасці». На сайце гарвыканкаму яна апублікавала «Звесткі для кандыдатаў у дэпутаты», дзе прапаноўвае платныя плошчы для публікацыі агітацыйных матэрыялаў. За Br 3 млн кандыдат можа атрымаць палову 6-й чорна-белай старонкі для свайго інтэрв’ю, выступу ды іншых «капрызаў».

Хітры план

Прапаноўваючы кандыдатам плошчы, дзяржаўная газета выступае сапраўдным капіталістам, у якога ёсць уласны хітры план. У свежай пастанове ЦВК гаворыцца, што кандыдат можа адзін раз бясплатна апублікаваць сваю праграму ў дзяржаўнай прэсе адпаведнага маштабу – абласнога, гарадскога або раённага. І менавіта гэтая гарадская газета, паводле шматгадовай завядзёнкі, будзе бясплатнаю, гарантаванаю дзяржавай трыбунаю для праграмаў кандыдатаў.

Але ж крыўдна бясплатна рабіць тое, за што іншыя газеты могуць атрымаць грошы. І «Гомельскія ведамасці» гуляюць на апераджэнне і заманьваюць патэнцыйную кліентуру для паўторнай публікацыі праграмаў ды іншых агітацыйных матэрыялаў.

Ці ёсць у кандыдатаў грошы на публікацыю?

Большасць жыхароў Гомельскай вобласці штомесяц атрымлівае заробак, меншы за Br 3 млн. Ці могуць будучыя народныя абраннікі заплаціць газеце такія грошы, служба інфармацыі «Белсату» запытала ў патэнцыйнага кандыдата з Гомля Ігара Случака.

«З аднаго боку, гэта вельмі добра, што яны прапаноўваюць магчымасці, каб кандыдат давёў свае ідэі да большай колькасці выбарнікаў. Вядома, пры ўмове, што рэдакцыя не будзе карэктаваць тэксту і скажаць напісанага. Але тры мільёны за паўстаронкі чорна-белага тэксту – мне падаецца, што гэта кошт даволі вялікі», – кажа ён.

Кандыдат, паводле заканадаўства, можа фармаваць выбарчы бюджэт памерам да Br 100 млн. 20 % з яго мусяць складаць уласныя грошы дэпутата, рэшту – ахвяраванні выбарнікаў. Але Ігар Случак сумняецца, што нашыя людзі гатовыя столькі ахвяраваць на артыкулы ў газеце.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары