Палажанка: Дзіўна, калі ты не сядзеў


Намесніца старшыні міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка лічыць, што ўлады імкнуцца выклікаць у палітвязняў панічны страх перад турмою.

Палажанка адзначыла, што ў нашай краіне ўладам супрацьстаяць людзі, якія не баяцца трапіць за краты. “У Беларусі ўсе прывыклі, што калі ты займаешся актыўнаю грамадскаю і палітычнаю дзейнасцю, калі ты не баішся выводзіць на вуліцы людзей, тады рана ці позна апынешся за кратамі. Людзі перасталі гэтага баяцца. Яны прымаюць гэта як належнае. Дзіўна адваротнае – калі ты не сядзеў”, – выказалася намесніца старшыні “Маладога фронту”.{movie}Палажанка: Улады спрабуюць застрашыць палітвязняў турмою|right|5368{/movie}

Ейны жаніх Зміцер Дашкевіч адбывае за кратамі ўжо другі тэрмін. Палажанка адзначыла, што ў турме той вымушаны штодня змагацца, бо ўлады імкнуцца, каб “людзі пачалі баяцца турмы, як агню”, ствараючы вычварныя сітуацыі ды прыніжаючы палітвязняў. Паводле яе, цяперашняе зняволенне Змітра ёсць “пеклам” у параўнанні з папярэднім утрыманнем у Шклове. Аднак Зміцер, сказала Палажанка, робіць усё магчымае, каб прадэманстраваць, што не баіцца, а калі будзе трэба, вернецца туды зноў, а калі выйдзе – “то з горда паднятаю галавою”.

Паводле Палажанкі, шмат якія людзі ў Беларусі прызвычаіліся да беззаконня і зла, склалі рукі. Тым ня менш, як адзначыла актывістка, яе нарачонаму Змітру Дашкевічу не перастаюць прыходзіць лісты падтрымання ад звычайных людзей.

“Цяпер Зміцер зноў у штрафным ізалятары. Ён адмовіўся падпарадкоўвацца любым патрабаванням. Гэта значыць, што ягонае вызваленне са штрафнога ізалятара будзе нядоўгім”, – паведаміла Палажанка.

6 ліпеня адміністрацыя папраўчай калоніі № 13, дзе адбывае пакаранне лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, падала ў Следчы камітэт матэрыялы, каб распачаць крымінальную справу з прычыны “невыканання рэжыму калоніі” (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу).

“Страх перад гэтым 411-м артыкулам грунтуецца на тым, – пракаментавала Палажанка, – што справу па ім можа заводзіць круглы год, калі Зміцер нібыта не выправіцца”. Яна ўпэўненая, што ейны заклік да грамадскасці памятаць і падтрымліваць Дашкевіча ім самім можа быць успрыняты адмоўна, бо палітвязень ва ўсім прывык разлічваць толькі на сябе.

Зміцер Дашкевіч разам з актывістам “Маладога фронту” Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 г. Гэтае затрыманне прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў. Маладыя людзі былі прызнаныя вінаватымі ў збіванні двух менчукоў. У сакавіку 2011 г. суд прысудзіў Дашкевіча да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў