Фатографа Сурапіна затрымалі на тры дні


Беларускім спецслужбам не дае спакою акцыя шведаў з “мядзвежым дэсантам”, здымкі якой Антон выклаў на сваім сайце.

Інфармацыя пра тое, што следчы патэлефанаваў маці Антона, з’явілася ўчора ўвечары.

Як шукалі Антона

Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой ёсць фатограф Сурапін, у пятніцу безвынікова спрабавала тэлефанаваць у дзяжурную частку КДБ, прыёмную ды іх Цэнтр інфармацыі. Тэлефоны не адказвалі. Апарат Антона ўключаўся толькі на гадзіну – з 15-й да 16-й – але нумар быў заняты або ніхто не адказваў. Паводле стану на 23:00, мабільны аператар Сурапіна паведамляў: “Абанент часова недасяжны”.

Апошняе, што паспеў паведаміць фатограф калегам, – тое, што КДБ-шнікі прыйшлі да яго дахаты з ператрусам з нагоды здымкаў шведскіх мядзведзікаў. Рэсурс, якім кіруе Сурапін, 4 ліпеня першы ў Беларусі апублікаваў фотаздымкі скінутых з самалёта плюшавых цацак. Як паведамляюць подпісы пад фота, іх прыслаў ананім.

Хто такі Сурапін

Антон вучыцца на 3-м курсе Інстытуту журналістыкі БДУ, рэдагуе і запаўняе ўласны сайт – “Беларускія навіны ў фота”. Каля года таму далучыўся да Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Арандаваная кватэра, у якую сёння наведаліся працаўнікі КДБ, паводле дзіўнага супадзення месціцца якраз насупраць будынку КДБ. Антон у гутарках з сябрамі распавядаў, што з ягоных вокнаў можна бачыць, чым займаюцца чэкісты.

Хлопец паходзіць са Слуцку. Паводле неафіцыйных звестак, мясцовыя КДБ-шнікі пачалі выказваць інтарэс да інтэрнэт-праекту Сурапіна, як толькі той з’явіўся ў сеціве. У свой час прадстаўнікі спецслужбаў прыходзілі з папярэджаннямі ды няпэўнымі пагрозамі да бацькоў Антона.

belsat.eu

Стужка навінаў